Вайна вачыма відавочцаў. Ч.2
Шэпетоўская Ірына Барысаўна: «Як усе вучылася ў школе – мы жылі ва Украіне, уступіла ў камсамол. Марыла стаць доктарам, таму пасля заканчэння школы паступіла ў фельчарскую школу і паспяхова яе скончыла. Калі пачалася вайна, прыйшла ў ваенкамат з просьбай адправіць мяне на фронт. І ўжо 5 ліпеня 1941 году я апынулася на фронце. Мяне прызначылі камандзірам санітарнага ўзводу на Паўднёва-Заходнім фронце. Нашае аддзяленне складалі фельчар, чатыры санітары, адзін ездавы, былі намёт і цёплыя коўдры, каб укрываць параненых.
Праца была… бесперабойная. Нашыя часткі адыходзілі, і наш 985 стралковы полк і яго санітарны ўзвод апынуліся пад Сталінградам. Тут быў абсталяваны палявы шпіталь, было тры хірурга, а я стала аперацыйнай сястрой. Параненых неслі і неслі, а забітых былі літаральна горы, іх не паспявалі хаваць. У лютым 1943 году немцы былі канчаткова разгромленыя пад Сталінградам, а мяне камісавалі па стане здароўя.
Хутка вызвалілі мае родныя месцы, і я вярнулася ў горад Умань. Тое, што я ўбачыла, цяжка было назваць горадам! Гэта былі разваліны. Спачатку працавала на станцыі хуткай дапамогі, а затым – да выхаду на пенсію – у мясцовай інфекцыйнай бальніцы. Я ганаруся сваімі ўзнагародамі: медалём «За Перамогу савецкага народу ў Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» і Ордэнам Айчыннай вайны 2-ой ступені.
Кузьміч Ян Іосіфавіч: «Да 1939 году нашая сям’я жыла ў Польшчы, у вёсцы Караліда. Сям’я была вялікая: бацька, маці, бабуля і 8 дзяцей – 5 братоў і 3 сястры. У 1939 годзе адбылося ўз’яднанне Беларусі, баёў не было, проста прыйшлі савецкія воінскія часткі. Праз год нас, падлеткаў, адправілі ў Ліду ў рамеслянае вучылішча, асвойваць слясарную справу. Жылі мы ў інтэрнаце. У нядзелю, 22 чэрвеня, мы ўбачылі, што па вуліцы везлі параненых, думалі, што нейкія вучэнні. Але ўжо па абедзе наляцелі варожыя самалёты, на станцыі разбамбілі цягнік, парахавы склад, завод. Так мы даведаліся пра пачатак вайны. Я пешшу амаль два тыдні дабіраўся дадому. У часе нямецкай акупацыі ў вёску наязджалі карацельныя атрады, абшуквалі хаты, забіралі ўсё, што мела хоць нейкую каштоўнасць.
У 1944 годзе нашую вёску вызвалілі, а я добраахвотнікам пайшоў у войска. На зборным пункце ў Баранавічах мяне прызначылі ў артылерыйскі полк сувязным. Я павінен быў забяспечваць сувязь камандзіра палка са штабам. Радыёсігналы немцы засякалі, таму сувязь была праз дрот, сувязісты на сабе неслі катушкі з 250 метрамі провада. Колькі разоў я пападаў пад бамбёжку, артабстрэл зараз і не памятаю, але заусёды здзіўляюся як застаўся жывым!
Удзельнічаў у баі на рацэ Піліцы – прытоку Віслы, за што і быў узнагароджаны медалём. Пазней былі медалі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліну». Скончыў я вайну на Эльбе. Нашая частка нават сустрэлася з амерыканцамі. Пасля Перамогі працягваў служыць у Савецкім Войску. Дэмабілізаваўся толькі ў 1950 годзе. І пачалося мірнае жыццё, трэба было знайсці ў ім сваё месца. Шмат прафесій я змяніў: рэвізор на цягніках, механік на абутковай фабрыцы. Скончыў у гэтыя гады 10 класаў вячэрняй школы, атрымаў атэстат, вучыўся ва Усесаюзным завочным інстытуце лёгкай прамысловасці, працаваў 5 гадоў настаўнікам у школе №1, але, мабыць, ад сваёй ваеннай спецыяльнасці сувязіста так і не змог адмовіцца: перайшоў на працу ў «Сельгассувязьмантаж» і працаваў там да выхаду на пенсію, да 1985 году».
align=”left” >Ян Іванавіч Чыжонак – франтавік, потым кіраўнік Гродзенскай энергасістэмы (1966-1981 гг.), кавалер шматлікіх баявых і дзяржаўных узнагарод. Вайна застала яго ў арміі. Яну Іванавічу тады было толькі 20 гадоў. На 10-ы дзень вайны быў паранены ў абедзве нагі. Тры месяцы праляжаў у шпіталі Тамбову. Потым вярнуўся на поле бою. У снежні 1941-го пасля выхаду са шпіталю, уступіў у шэрагі 54-ай асобнай стралковай брыгады. Старэйшы радыст Ян Іванавіч Чыжонак абараняў Маскву. Удзельнічаў у наступальнай аперацыі на Калінін. Улетку 1944-га ён стаў начальнікам радыёстанцыённай брыгады. Ян Іванавіч з’яўляецца непасрэдным удзельнікам адной з найбуйнейшых тактыка-наступальных аперацый Вялікай Айчыннай вайны «Баграціён». Я. І. Чыжонак узнагароджаны чатырма ардэнамі і 16 медалямі. Вось некаторыя з іх: Ордэн Краснай Зоркі, медаль «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кенігсбергу»…
Мільёны салдат не дачакаліся Перамогі. Абеліскі, манументы славы, курганы не выкажуць да канца невымерную ўдзячнасць і падзяку нашчадкаў…