Гродзенскія габрэі атрымаюць мацу напярэдадні Песаху
Учора прадстаўнікі габрэйскай абшчыны Гродна развозілі мацу для габрэяў, якія жывуць у раённых цэнтрах і малых мястэчках Гродзеншчыны. Па словах Алены Куцэвіч, старшыні габрэйскай абшчыны, мацу яны атрымліваюць ад дабрачыннага фонда “Джойнт” у Мінску і развозяць па рэгіёне. З-за таго, што такіх населеных пунктаў, куды трэба даставіць мацу, шмат, працы нешматлікім супрацоўнікам Хэсэда хопіць не на адзін дзень. Некаторым сталым людзям трэба прывозіць наўпрост дахаты, бо ім цяжка хадзіць.
Такое мерапрыемства ладзіцца штогадова, каб усе габрэі мелі мацу. Такі хлеб можа захоўвацца вельмі доўга, бо пячэцца без солі, цукру, толькі высокай якасці мука і вада. Самыя гродзенскія габрэі гатаваць мацу не практыкуюць. Бо для яе патрэбныя кашэрныя прадукты, і толькі ў рэдкіх выпадках гэта робяць людзі старэйшага веку.
Напярэдадні Песаха падапечныя “Нохума” атрымаюць і прадуктовыя наборы.
Маца – гэта адзіны від прэснага хлебу, які дазволена ўжываць габрэям падчас свята Песах.