Мне, калі ласка, мазгі ад Dolce&Gabbana

|

Заходжу ў будынак, азіраюся па баках. На вахце сядзіць нейкі сур’ёзны дзядзька, нават не зварухнецца. Можа, манекен?

 

– Дзядзечка, а дзе гэта мы з вамі знаходзімся? Мне дамоў трэба, у мяне там рыбкі галодныя.

 

Ён моўчкі ўстаў і запрашаючы жэстам адчыніў дзверы. Я здуру ўзяла і ўвайшла (чаго лезці?). Дзверы за мной зачыніліся… На самой справе, нічога цікавага ці незвычайнага не здарылася: за дзвярыма – калідор, раздражняючае вочы святло. Дзядзька ўзяў мяне пад локаць і павёў наперад:

 

– Гэта лабараторыя тайнага штабу сусветнай аховы звышсакрэтнай інфармацыі. Не ведаю, хто ты, але калі трапіла сюды, то не проста так.

 

Я разгубілася. Можа, мяне завербавалі як шпіёна, і сцерлі ўсю памяць? Але якому вар`яту спатрэбіўся такі шпіён? З такімі думкамі я зазірнула ў першы пакой. Шкляначкі нейкія. А ў шкляначках плаваюць… галовы. Здаецца, нават, гістарычна-вядомыя твары. Ох, нешта мне не добра, трэба выходзіць хутчэй, а то прыйдзецца сказаць свайму сняданку «прывітанне!». Заходжу ў другі пакой. Тут на сталах … іншапланецяне. Няшмат, праўда.

 

– Усю ноч нешта святкавалі, нікому спаць не давалі. Зараз вось, адсыпаюцца, – уздыхнуў мой праважаты.

 

Заходзім у апошні вузкі, але даволі доўгі кабінет, уздоўж сцен – шэрыя сейфы. Адчыняем сейф, а там… колбачкі з парашком.

 

– На самой справе гэта не парашок, – убачыўшы маё расчараванне, заўважыў дзядзечка, – а экстракт так названага шэрага рэчыва галаўнога мозгу чалавека. Экстракты з мазгоў памерлых кіраўнікоў і палітыкаў розных краін, якія былі чымсьці выдатнымі ў часе жыцця. Нашыя агенты адбіраюць клеткі, адказныя за памяць. Гэтыя клеткі вельмі асцярожна абрабляюцца, каб не пашкодзіць каштоўную інфармацыю. Атрымліваецца вось такі экстракт. Так мы захоўваем памяць правадыроў, іх асаблівыя якасці і патаемныя думкі.

 

– Навошта вам гэта? Не гуманна неяк, што скажа ААН, Грынпіс…– асцярожна заўважыла наіўная я.

 

– Гэта не табе і нават не мне вырашаць, – адрэзаў мой суразмоўца. – Гэты экстракт ужо даўно прымяняецца: яго ўжыўляюць сённяшнім кіраўнікам краін. Вядома, бываюць і недарэчнасці: калі ў 90-х разваліўся СССР, прыйшлося ажно 15-ць экстрактаў падбіраць. Каму перабольшылі дозу, каму не дадалі…

 

– Атрымліваецца, многія кіраўнікі жывуць не сваім розумам, а запазычаным?

 

– Не так прымітыўна. Мы даем ім нейкія якасці, думкі, нерэалізаваныя ідэі, якія былі «запазычаныя», а высновы яны робяць самі, і самі прымаюць рашэнні. Тым больш кожны можа адмовіцца ад такой аперацыі, але ў нашай практыцы такога не здаралася. Некаторыя нават самі прыходзяць і просяць даць ім новыя ідэі, новы розум, і, калі гэтыя просьбы падмацоўваюцца матэрыяльна, мы нікому не адмаўляем. Усё новае ў палітыцы – гэта забытае, я б нават сказаў, зноўку адкрытае старое. Вось прыслухайся, што гавораць кіраўнікі дзяржаў. Можа, здагадаешся, чыі ў іх мазгі…

 

Тут раптам чую ўсё мацнеючы гук…будзільніка. Усяго толькі сон? Але, можа, сон у руку.