Журы было ў разгубленасці, каго назваць лепшай шматдзетнай сям’ёй
У конкурсе ўдзельнічала 19 сем’яў, пераможцаў раённых конкурсаў. Таты, мамы і іх дзеці змагаліся за галоўны прыз у намінацыі “Сямейны кулінарны шэдэўр”, паказвалі музычныя і тэатралізаваныя нумары падчас другой намінацыі. Аблвыканкам выдзяліў грошы на набыццё для ўсіх сем’яў DVD-прайгравальнікаў і кветак, а таксама на пачастункі ў “Каробчыцах”. Уладальнік аграсядзібы таксама пайшоў насустрач і праспансаваў уваход для ўсіх сем’яў, а для дзяцей экскурсіі па маёнтку і катанне на конях.
– Адпачынак для сем’яў атрымаўся проста цудоўны, – кажа арганізатарка конкурсу, галоўны спецыяліст абласнога аддзела па працы з ветэранамі, інвалідамі і іншымі катэгорыямі грамадзян Данута Сяргейчык. – А наколькі падрыхтаваліся сем’і! Журы былі ў абсалютнай разгубленасці, каму аддаць першае месца ў абодвух намінацыях. Спрачаліся да хрыпаты. Па выніках атрымоўвалася, што перамагае ў двух намінацыях сям’я Чатовіч з Лідчыны. Яны зрабілі ўражваючую кулінарную кампазіцыю з розных страваў, і да таго ж добры музычны нумар. Але пасля вырашылі першае месца аддаць у другой намінацыі іншай сям’і – Пракопчык з Ваўкавыскага раёну.
Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі. Конкурс на лепшую шматдзетную сям’ю Гродзеншчыны ладзіўся ўжо ў 6 раз.
Здымак з region.grodno.by