Ад сёння аўтааматары байкатуюць запраўкі

Самымі актыўнымі аказаліся менчукі.

Як паведаміў БелаПАН актывіст кампаніі Канстанцін Міхайлаў, арганізатараты акцыі прапануюць або поўнасцю адмовіцца ад наведвання заправак з 1 па 4 чэрвеня, або запраўляцца толькі двума літрамі.

 

Удзельнік клубу “АўтаГродна” кажа, што мэтай акцыі ня ёсць прычыненне эканамічнай страты запраўкам “Белнафтахіму”, а прыцягненне ўвагі да праблемы:

Плынь машын у нашым горадзе, як і ў Беларусі, вялізная, і мы, удзельнікі акцыі, як капля ў моры ў гэтай плыні. Мы фізічна ня здолелі б ахапіць усіх налепкамі і раздрукоўкамі пра акцыю. Аднак мы хочам стварыць пэўны розгалас у СМІ і грамадстве, прыцягнуць увагу вялікай колькасці людзей да таго, што імкліва растуць кошты на бензін, і будуць расці яшчэ, што моцна б’е па кішэні беларускіх аўтааматараў.

Плануецца, што калі першая хваля акцыі не дасягне чаканага эфекту, за ёй будзе арганізаваная наступная.

 

Некаторыя СТА і аўтакрамы таксама выказалі гатоўнасць падтрымаць удзельнікаў байкоту і прапанаваць кіроўцам аўто з налепкай “Стоп-бензін” зніжкі на паслугі, некаторыя з іх дасягаюць 20%, паведаміў Канстанцін Міхайлаў.

 

Акрамя акцыяў пратэсту, арганізатары маюць намер накіраваць афіцыйныя лісты ў канцэрн “Белнафтахім” і Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай патлумачыць сітуацыю з чарговым павышэннем коштаў на бензін. 15 чэрвеня плануецца арганізаваць на гэтую тэму круглы стол, дадаў сп Міхайлаў.

 

Пакуль прадстаўнікі дзяржструктур ніяк не адрэагавалі на падрыхтоўку акцыі, інфармацыя пра якую з’явілася ў Інтэрнеце каля трох тыдняў таму.

 

12 мая “Белнафтахім” у трэці раз павялічыў з пачатку гэтага году кошты на нафтапрадукты больш чым на 6%. У выніку трохразовага павышэння кошты на бензін у Беларусі сталі самымі высокімі ў краінах СНД.

З выкарыстаннем інфармацыі autogrodno.by