Ігнат Дварчанін: 115 гадоў з дня нараджэння

Ігнат Дварчанін нарадзіўся ў в. Погіры Гродзенскай губерніі (сучасная Дзятлаўшчына). Скончыў школу вышэйшай ступені ў Дзятлава, праз тры гады пайшоў у войска. У 1925 годзе Ігнат Дварчанін скончыў Праскі ўніверсітэт, атрымаўшы званне доктара філасофіі. Абараніў дысертацыю, прысвечаную дзейнасці Францыска Скарыны. У Празе ён ачольваў Савет беларускіх студэнтаў, стварыў студэнцкую арганізацыю “Незалежныя сацыялісты”.

 

У 1928 годзе ад Навагрудскай выбарчай акругі Ігната Дварчаніна абралі паслом у Польскі сейм, дзе ён стварыў самастойную фракцыю – беларускі працоўна-сялянскі клуб “Змаганне”. Праз 2 гады польскія ўлады яго арыштавалі і прысудзілі 8 гадоў турмы.

 

У выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР Ігнат Дварчанін вярнуўся ў Мінск. У 1927 годзе ён уклаў і выдаў “Новую хрэстаматыю новай беларускай літаратуры”, зрабіў выдатны пераклад паэмы Аляксандра Блока “Дванаццаць”.

 

З 1932 году працаваў у Акадэміі навук Беларусі ў камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства. У 1933 годзе яго зноў арыштавалі, ужо савецкія ўлады, за прыналежнасць да міфічнай арганізацыі “Беларускі нацыянальны цэнтр”.

 

У 34 годзе яго прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання, якую пасля замянілі дзесяццю гадамі пазбаўлення волі. Аднак у сумна вядомым 1937 годзе першы прысуд быў адноўлены, і 8 снежня Ігната Дварчаніна расстралялі… Пасмяротна рэабілітавалі яго толькі ў 1956 годзе.

 

Урывак з верша “Мой скарб”

Песня гору і няшчасцю

Як бы робіцца вянком,

Як гірляндаю дзіцятку,

Як нявесце валюшом.

Дык прымі жа, свет вялікі,

Гора, убранае ў валь.

Клікі змучанага сэрца,

Вылітыя ў песню-жаль.