Выпускныя ў Гродна збольшага адсвяткуюць у школах

Сёлета Мінадукацыі рэкамендавала ладзіць выпускныя ў памяшканні школаў. Калі паралель і бацькі з настаўнікамі не змяшчаюцца ў актавую залю школы, то выпускныя можна праводзіць ва ўстановах культуры або цэнтрах пазашкольнай працы, палацах дзяцей і моладзі, але толькі не ў рэстаранах.

 

Як паведаміў начальнік гродзенскага гарадскога аддзела адукацыі Сяргей Блажэй, першым урачыстым момантам выпускных вечароў у Гродна будзе ўручэнне выпускнікам залатых і срэбраных медалёў мэрам горада ў Сенатарскай залі Новага замку. Сёлета ў Гродна 104 выпускнікі атрымаюць жаданыя медалі. Выпускныя вечары па школах пачнуцца а 18-19 гадзіне. Большая частка школьнікаў святкуюць выпускныя ў школах. Аднак пэўная частка навучэнцаў, якія па розных прычынах не могуць застацца ў школе, ідуць ва ўстановы культуры ці гарадскія кавярні.

 

У Гродна сёлета пасведчанні аб сярэдняй школьнай адукацыі атрымаюць каля 3 тысяч вучняў, агулам па Беларусі – 88 тысяч вучняў, што на 11 тысяч менш, чым у мінулым годзе.