Падробкі на нёманаўскае шкло карыстаюцца попытам
Добра вядомая прадукцыя “Нёмана” ў краінах СНД і Еўропы падрабляецца ў саматужных майстэрнях, пакуецца ў скрынкі з поўнымі рэквізітамі прадпрыемства і адпраўляецца на найбуйнейшы на Усходзе азербайджанскі рынак Сэдэрык. Адтуль посуд разыходзіцца ў Турцыю, Іран, Грузію, распавёў намеснік дырэктара па маркетынгу і збыце Аляксандр Сучкоў “Народнай газеце”.
Капіруюць тое, што карыстаецца найвялікшым попытам. Напрыклад, шклянкі для гарбаты, якую вельмі любяць на Каўказе і без яе не абыходзіцца ніводная чайхана. Сустракаюцца падробкі і на расійскім рынку. На заводзе Гусь-Крыштальным бяруць нёманаўскі посуд з бясколернага шкла, робяць на ім дэкор, наразаюць галінкі, яблычкі, укладаюць у іншыя пакункі і вязуць у глыбінку.
Адчувальныя страты і на азербайджанскім рынку – там “пірацкі” посуд таннейшы за нёманаўскі ў чатыры разы. Штомесяц завод пастаўляў туды шклянак на 80 тысяч даляраў, а зараз – прыкладна на 20 тысяч.
Шклозавод “Нёман” існуе з 1883 года. Спецыялізуецца па вытворчасці вырабаў з крышталю, бясколернага і каляровага шкла з рознымі відамі дэкаравання. Асартымент прадстаўлены 3000 відаў вырабаў для сервіроўкі хатняга стала, кафэ, рэстаранаў, інтэр’ераў дамоў і офісаў.
Здымак з www.neman.by