«Нёман» – «Днепр»: 1:2
У папярэднім туры магілёўцы гулялі з футбольным клубам «Мінск» і прайгралі з лікам 1:5. А «Нёман» тым часам гасцяваў у Віцебску і згуляў унічыю 2:2. Настрой у абедзвюх камандаў быў баявы – ніхто не хацеў аддаваць ачкі дарма. Таму матч абяцаў быць цікавым.
З першых хвілін гульні каманды зайгралі ў актыўны футбол, абменьваліся ўдарамі. Але гаспадары завалодалі ініцыятывай і пачалі атакаваць вароты гасцей. Як ніколі быў актыўны Кавалёнак, змагаўся за кожны мяч. Відаць было, што хлопец ішоў толькі на перамогу. Былі актыўныя і праходы Валадзянкова і Дземідовіча, але іх прастрэл і падачы былі не заўсёды дакладныя. Па заканчэнні першага тайма «Нёман» цалкам перасягнуў «Днепр», госці так і не стварылі вастрыню ля брамы гаспадароў. Наперадзе быў другі тайм. І здавалася «Нёман», дацісне «Днепр».
Але праз 5 хвілін пасля перапынку госці адкрылі лік намаганнямі Турліна. Гаспадары кінуліся наперад. Радушка ўзмацняе каманду, выпусціўшы Лягчыліна і Надыеўскага, у чаканні гала. «Нёман» асвоіўся на палове гасцей. Добры момант выдаўся ў Кавалёнка, Валадзянкоў дакладна закінуў у штрафную на нападаючага, але Дзіма дабраўся да мяча і ўпаў. Праз дзве хвіліны «Днепр» падвоіў лік. Як кажуць, не забіваеш ты, забіваюць табе. Юрчанка без праблем расстраляў вароты Астапенка. Гродзенцы усімі сіламі пайшлі наперад, але безвынікова. Брамнік «Дняпра» – Копанцаў быў у гэты дзень на вышыні.
Суддзя дадаў 3 хвіліны, і ўжо на другой дадатковай хвіліне «Нёман» усё-ткі забівае гол. Пасля блытаніны ў штрафной гасцей, Дзмітрый Кавалёнак з другой спробы паразіў вароты гасцей. (Гэта ўжо 8 гол Дзмітрыя у гэтым сезоне). Трыбуны ажывілася ў чаканні яшчэ аднаго гала. Ледзь магілёўцы развялі мяч, як галоўны арбітр матчу – Уладзімір Ішчанка, даў знак, што матч скончаны.
Матч выдаўся цікавым, асабліва на моманты. «Нёман» перасягнуў «Днепр» на галаву: 19 удараў на 9, па вуглавых 16 на 2. Аднак ужо сёмы хатні матч запар гродзенцы не могуць перамагчы сваіх супернікаў. У наступных турах наша каманда сустракаюцца з лідэрамі турнірнай табліцы – менскім «Дынама» і барысаўскім БАТЭ. Спадзяемся на лепшы вынік.
Здымак з prosto-free.livejournal.com/