Самыя экалагічна чыстыя клубніцы з Парэчча
Соф’я Максімік, аграном “Парачанкі”, кажа, што ўгнаенняў для сваіх клубніц яны выкарыстоўваюць мінімальна, толькі каб падтрымаць неабходны ўзровень умоў для ягады. Гэта дазваляе глеба, якая тут даволі ўрадлівая.
– Ніхто на сябе не возьме абавязак дадаць больш яда-хімікатаў, чым гэта трэба па норме, каб напрыклад, захаваць ад гнілі. Таму што пасля давядзецца адказваць. Ёсць адна апрацоўка па санітарных нормах – яна адна і будзе. Ды і самой расліне шмат хімічных угнаенняў шкодна. У нас нашмат менш дазваляецца выкарыстоўваець яда-хімікатаў, чым у Еўропе, – патлумачыла Соф’я Максімік карэспандэнту “Твайго Стылю”.
Сёлета плануецца сабраць з 4 га пасадкі 20 тон клубніц, у мінулым годзе першы ураджай склаў 3,5 тоны. Вырошчваюцца тры перспектыўныя гатункі – ранні, сярэдні і позні. Прадпрыемства праз рознічны гандль зможа прапаноўваць клубніцы да канца ліпеня. Кошт 1 кілаграма на самым прадпрыемстве з улікам падатку на дадатковую вартасць складае 4420 рублёў, але крамы робяць свае накруткі. Калі дамовіцца і прыехаць сваім транспартам на прадпрыемства ў Парэчча, то можна па такім кошце набыць сабе клубніц, хоць бы і 5 кілаграм, на аб’ём зважаць не будуць.
Сваіх работнікаў-паляводаў “Парачанка” не мае. Таму падпісалі дамову з групай з 30 студэнтаў з Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, якія і займаюцца зборам ягад:
– Я вельмі задаволеная, як працуе моладзь. У наступным годзе запрашу яшчэ, можа, нават больш студэнтаў, бо працы вельмі шмат, – кажа Соф’я Максімік.
А ў наступным годзе прадпрыемства атрымае першы ўраджай галубікі.
Здымак з prosto-free.livejournal.com