Памяць пра дзве скрушныя даты
Пісьменнік прыехаў у Гродна пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе. Менавіта тут распачалася ягоная літаратурная дзейнасць, якая працягвалася ў Гродна больш за 2 дзесяцігоддзі. А музей Васіля Быкава ў Гродна дагэтуль месціцца ў маленечкім памяшканні, не хапае належнай плошчы для паўнавартаснага разгортвання экспазіцыі, няма сродкаў, каб усе экспанаты належным чынам аформіць і выставіць.
Па чутках, прадстаўнік мясцовых ўладаў выказаў думку вызваліць другі паверх музея Максіма Багдановіча і зрабіць там музей Васіля Быкава. На што суразмоўца чыноўніка сказаў, што нават у самыя цяжкія савецкія часы Пушкіна і Лермантава ніколі не аб’ядноўвалі ў адзін музей.
Застаецца спадзявацца, што прынамсі ініцыятыва перайменавання адной з гродзенскіх вуліц у вуліцу Васіля Быкава будзе падтрыманая. На дадзены момант сабрана каля 7 тысяч подпісаў гродзенцаў у падтрымку ініцыятывы.
Няма практычна і памятных знакаў ці помнікаў пачатку Вялікай айчыннай у Гродна. Горад аказаўся непадрыхтаваным да абароны. Сайт архітэктуры Гродна прыводзіць словы Аляксея Карпюка пра тое, як тагачасны старшыня гродзенскага гарвыканкама Ратайка згадваў: «Гродна баранілі 64 зеніткі супрацьпаветранай абароны. Снарадаў ім хапіла толькі на дзве гадзіны. Ужо з 6 гадзін раніцы «месершміты», «штукасы» ды «юнкерсы» беспакарана лёталі над горадам на мінімальнай вышыні, ганяючыся нават за адзіночнымі людзьмі!». Ужо ранкам горад пылаў. Два дні гарэла забудова гарадзенскага Рынку.
З памятных знакаў тагачаснай абароны Гродна можна бадай толькі назваць насып з камянёў, зроблены адным гараджанам непадалёк ад гарадскога шпіталю №4, што ўшаноўвае памяць 85-й стралковай дывізіі, якая спрабавала адбіць Гродна ў немцаў 24-26 чэрвеня.
Здымак з harodnia.com