Алказалежных прымушаюць публічна пакаяцца
Паказальныя працэсы праводзяцца ў населеных пунктах-цэнтрах калгасаў і саўгасаў Гродзенскага раёна. Месцам правядзення такіх мерапрыемстваў звычайна абіраюцца сярэднеадукацыйныя школы. Паводле настойлівых просьбаў участковых інспектараў, на іх прысутнічае персанал навучальных установаў і нешматлікія жыхары населеных пунктаў, а таксама адміністрацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і мясцовых выканкамаў.
На думку міліцыянтаў, публічныя працэсы павінны пасадзейнічаць у першую чаргу перавыхаванню грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем. З часам супрацоўнікі праваахоўных органаў Гродзенскага раёна збіраюцца прааналізаваць эфектыўнасць такіх захадаў і зрабіць адпаведныя высновы. Пакуль жа асобы, якія накіроўваюцца на прымусовае лячэнне, вымушаныя прызнаць сваю віну перад грамадствам і публічна пакаяцца.
Паводле Радыё Рацыя