Знішчылі больш за 200 кілаграмаў кавуноў

Парушэнні санітарных нормаў зафіксаваныя і ў двух шапіках. За два апошнія летнія месяцы Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праверыў 7 міні-рынкаў і 155 аб’ектаў дробнага гандлю на захаванне санітарных нормаў пры продажу бахчовых. Парушэнні вынайшлі на ўсіх міні-рынках і ў двух шапіках. Напрыклад, кавуны прапаноўваліся ў разрэзаным выглядзе, часам без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку, бахчовыя кепска захоўваліся – перад тым, як трапіць на вагі, кавуны і дыні наўпрост ляжалі на зямлі.

 

Агулам забракавалі 52 кілаграмы дыняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 13 чалавек. У выніку сумесных рэйдаў з супрацоўнікамі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах канфіскавалі 218 кіло кавуноў, якімі гандлявалі на ўзбочыне аўтатрас.

 

Гігіеністы папярэджваюць, што набываць кавуны, якія захоўваюцца на зямлі або ў разрэзаным выглядзе, вельмі небяспечна – можа адбыцца харчовае атручванне, а скурка вялікай ягады добра ўсмоктвае з паветра шкодныя рэчывы, у тым ліку цяжкія металы.

Паводле інфармацыі БЕЛТА