Большасці беларусам патрэбна псіхалагічная дапамога
Праблема суіцыдаў для Беларусі на сёння вельмі актуальная. Згодна з класіфікацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя высокім лічыцца ўзровень самазабойстваў больш за 19 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. У Беларусі ў мінулым годзе было зафіксавана 28,5 выпадкаў на 100 тысяч, што на 20% вышэй, чым у 2008 годзе і ў паўтары разы больш за сярэдні паказчык у свеце.
– Пераважна спробы суіцыду здзяйсняюць мужчыны –у 3-4 разоў больш, чым жанчыны, – кажа прафесар кафедры медычнай псіхалогіі і медычнай тэрапіі Гродзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта Алена Каралёва, – узрост, калі казаць шырока, ад 45 да 60 гадоў, але ў мужчыны – гэта 20-30 гадоў, у перыяд станаўлення і адсутнасці перспектывы, адсюль алкагалізацыя і часта як вынік суіцыдальныя спробы. Калі казаць пра моладзь – то у асноўным гэта падлеткі ад 12 і да 24 гадоў, з гэтай групы максімальная колькасць спробаў самазабойства – ва ўзросце ад 25 да 29 гадоў.
Сярод асноўных прычын самазабойстваў называюць псіхічныя парушэнні – дэпрэсіі, шызафрэнія, алказалежнасць, праблемы асобы, а таксама фізічныя захворванні.
Па словах Алены Каралёвай, пры першых прыкметах дэпрэсіі альбо знаходжанні ў стане пастаяннага стрэсу варта звяртацца да спецыялістаў – псіхатэрапеўтаў або псіхалогаў. Па меркаванні прафесара, большасці беларусам патрэбна ў пэўныя перыяды жыцця псіхалагічная дапамога, але людзі ў нашай краіне пакуль не прызвычаіліся наведваць псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў. Такія спецыялісты працуюць пры кожнай паліклініцы Гродна, а таксама ў дыягнастычных цэнтрах існуюць платныя кансультацыі.