22 верасня кіроўцам прапануецца пакінуць аўто на стаянках (аўдыё)

Каб бясплатна праехаць на аўтобусе ці тралейбусе, аўтааматару неабходна паказаць кантралёрам пасведчанне кіроўцы і тэхнічны пашпарт на аўтамабіль.

 

У Гродна ініцыятыва бясплатнага праезду кіроўцаў праводзіцца ўпершыню, – кажа галоўны спецыяліст аддзела дзяржкантролю над аховай і выкарыстаннем атмасферных, паветраных і водных рэсурсаў Галіна Латанік. – Таксама па традыцыі мы падрыхтавалі буклеты да Дня без аўтамабіля з тлумачэннем сэнсу акцыі і пазначэннем лічбаў аб выкідах выхлапных газаў у паветра транспартам. У дзень акцыі супрацоўнікі ДАІ будуць замяраць у аўтамабілях колькасць выхлапных газаў. Тых кіроўцаў, чые аўто выкідваюць шкодных рэчываў менш за норму, будуць ўзнагароджваць невялікімі падарункамі.

 

Акцыю бясплатнага праезду для кіроўцаў падтрымалі Мінск, Мінская вобласць і Берасцейшчына.

Мінулым разам у гэты дзень гродзенскім аўтамабілістам прапаноўвалася перасесць на ровары. 

У першы Дзень без аўтамабіля ў Беларусі, які адзначаўся ў 2008 годзе, па дадзеных Мінпрыроды атрымалася папярэдзіць выкід у атмасферу забруджвальных рэчываў у аб’ёме каля 400 тон толькі за кошт пакінутых аўтамабіляў на стаянках. Транспарт галоўным чынам з’яўляецца забруджальнікам паветра – доля ягоных выкідаў шкодных рэчываў складае 72% ад усіх крыніц.

Ці збіраюцца гродзенскія аўтамабілісты пакідаць свае аўто на стаянках і перасядаць у аўтобусы – слухайце ў матэрыяле Ганкі Урбановіч на радыё “Твой Стыль”.