Баскетбол – гэта эратычна!
Чыноўнікі з Міжнароднай Федэрацыі баскетболу спачатку былі супраць замены звыклых кашулек і шортаў на куды больш жаноцкі строй, але затым усё ж ухвалілі ініцыятыву беларусаў.
Сукенкі для нашых дзяўчат пашыла “Мілавіца”.
Анастасія Верамеенка, Наталля Марчанка, Таццяна Троіна ўважліва ацэньваюць сваю будучую форму.
– Чэмпіянат свету ў сукенках не выйграць, ды й не так гэта прыгожа – заявіла днямі зорка расійскага баскетболу Святлана Абросімава.
На яе думку, не на ўсіх спарцменках сукенкі будуць глядзецца добра, камусці будзе нязручна гуляць у іх.
Тым не менш, беларускі настроеныя рашуча і ўжо згулялі два таварысцкія турніры ў новым убранні.
Спробу шакіраваць сваіх саперніц арыгінальнай формай зрабілі нядаўна баскетбалісткі з Аўстраліі. Дзяўчаты з Зялёнага кантыненту выходзілі на паркет у касцюмах, вельмі падобных на купальнікі.
>
Літоўскія баскетбалісткі вырашылі пайсці яшчэ далей і здабыць сваіх прыхільнікаў эратычнай фотасесіяй, у час якой прыкрывалі свае целы толькі баскетбольнымі мячамі.
Куды больш мастацкай атрымалася нядаўняя фотасэсія беларускіх баскетбалістак, якія напаўаголенымі сфатаграфаваліся для рэкламнага каляндара кандытарскай фабрыкі “Спартак”.
Што да прагнозаў на вынікі нашых дзяўчат на чэмпіянаце свету, то галоўны трэнер гарадзенскай “Алімпіі” Аляксандр Шымковяк прагназуе беларускам нялёгкае жыццё.
У інтэрв’ю «Комсомольской правде в Беларуси» ён адзначыў, што каманда паехала ў Чэхію не ў аптымальным складзе, што сярэдні ўзрост дзяўчат набліжаецца да 30 гадоў, а гэта час, калі спарцменкі ўсё часцей траўмуюцца.
Разам з тым, на думку Шымковяка, калі дзяўчаты змогуць паказаць сваю лепшую гульню, то ім па сілах перамагчы нават фаварытак турніру амерыканак.
У першая гульні чэмпіянату беларускія баскетбалісткі перамаглі 23 верасня кітаянак з лікам 68-57. На першым этапе турніру ім давядзецца згуляць яшчэ з Аўстраліяй і Канадай.
У складзе беларусак на чэмпіянаце свету гуляюць былыя зоркі гарадзенскай “Алімпіі” Наталля Ануфрыенка і Таццяна Ліхтаровіч.