У новым сезоне на сцэну драмтэатра пакладуць лёд
– Мастацкі кіраўнік Генадзь Мушперт падрыхтаваў спектакль па Васерману, па матывах рамана Кена Кізі “Палёт над гняздом зязюлі”. Таксама ён яшчэ рыхтуе камедыю, але гэта пазней, пасля выхаду першай пастаноўкі. “Палёт над гняздом зязюлі” пакажам тройчы ў кастрычніку – 9,10 і 23, – распавёў “Твайму Стылю” намеснік дырэктара тэатра Аляксандр Габец. – Акрамя таго ў новым тэатральным сезоне чакаем розных славутых гасцей. Гэта і Музычны тэатр з рок-операй “Юнона і Авось”, і гастролі габрэйскага тэатра “Шалом”, 4 кастрычніка прымаем Маскоўскі незалежны тэатр з пастаноўкай “Каханне па-французску”.
У гэтым годзе 20 год святкуе арт-рок гурт “Тэатр”, мастацкі кіраўнік Анатоль Кандыба. Гурт доўгі час знаходзіўся пры гродзенскім драмтэатры, але зараз з’яўляецца самастойным калектывам. Юбілей арт-рок гурт адсвяткуе ў родным тэатры – 15 кастрычніка плануецца жывы канцэрт з відэа-шэрагам і іншымі цікавымі рэчамі.
– Яшчэ чакаем дзве вельмі цікавыя падзеі – прыезд Валера Залатухіна з пастаноўкай “Сабачае сэрца” 27 кастрычніка, і калі толькі атрымаецца – прыезд пецярбургскага сусветна вядомага балета на лёдзе са спектаклем “Шчаўкунчык”. Лёд пакладуць проста ў нас на сцэне адмыслова для пастаноўкі. Вельмі спадзяемся, што ўсё атрымаецца, – дадаў Аляксандр Габец.
Здымак з prosto-free.livejournal.com