Прыпынена выкананне прысуду па справе “Палонікі”

Выканаўчая справа перададзеная ў архіў. Інфармацыю пра гэта змясціў у сваім блогу журналіст “Gazety Wyborczej” Анджэй Пачобут.

 

Афіцыйная прычына – адсутнасць магчымасці атрымаць гэтыя грошы ад “Палонікі”. Неафіцыйная ж прычына спынення пераследу “Палонікі”, дзякуючы якой функцыянуе грамадская школа ў Гродне, дзе каля 400 дзяцей вучацца польскай мове, ёсць вынікам перамоваў паміж польскім і беларускім Міністэрствамі замежных справаў, пазначае Анджэй Пачобут.

 

Гэта ўжо другі крок у “польскім пытанні”, які зрабілі беларускія ўлады. Раней была прыпынена крымінальна справа супраць Тэрэсы Собаль, старшыні Івянецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі.

 

Анджэй Пачобут мяркуе, што спраўджваецца прагноз наконт таго, што напярэдадні выбараў прэзідэнт пачне рабіць жэсты ў кірунку Захаду, у дадзеным выпадку Польшчы.

Здымак з www.svaboda.org