Максім Шыркоў: ідэі нараджаюцца бяссоннымі начамі

|

– Як пачалося тваё захапленне фатаграфіяй?

 

– Я пачаў займацца фатаграфіяй з 2008 году. Шчыра кажучы, нават не ведаю, як гэта здарылася. Галоўнае, што гэта адбылося!

 

Мастацтва фатаграфіі заўсёды мяне вельмі прыцягвала. Я думаю, часам нават відэаздымка не паказвае столькі пачуццяў, як добрыя фотаздымкі.

 

Спачатку ў мяне не было свайго асабістага фотаапарата. Я ўвесь час браў у некага камеру, каб зняць нешта. Як правіла, гэта былі камеры не лепшай якасці, але прыходзілася задавольвацца тым, што ёсць. Але потым здарыўся “цуд” – на мой 16-ты Дзень нараджэння мама падарыла мне люстраную камеру, за што я ёй вельмі ўдзячны. Адсюль усё і пачалося.

 

– Ты маеш ужо перамогі ў якіх фотаконкурсах?

 

– Нядаўна я браў удзел у конкурсе, які праходзіў у Новым замку і быў прысвечаны дзевяностагоддзю музею.

Да задання я падышоў з усёй сур’ёзнасцю: на працягу двух месяцаў, кожны дзень, я фатаграфаваў музей з розных ракурсах, як звонку, так і ўнутры.

У гэты раз мне пашанцавала і я заняў першае месца.

Гэта дало мне стымул рухацца далей, і дамагацца большага.

 

– А творчыя няўдачы здараліся?

 

– Вядома, няўдачы таксама здараліся, але хутчэй за ўсё гэта адбывалася з-за недахопу досьведу.

 

Возьмем, да прыкладу, вяселле. Жаніх і нявеста мараць атрымаць здымкі, якія застануцца ім на памяць на ўсё жыццё, і ніяк інакш.

 

Калі я здымаю вяселле, я вельмі хвалююся, таму што на мне ляжыць велізарная адказнасць. І жаніх, і нявеста, робяць неверагодныя рэчы, каб атрымаць добрыя кадры, а я, у сваю чаргу, раблю ўсё магчымае, каб правільна падабраць ракурс, выставіць фокус, не засвяціць фатаграфіі і г.д.

>

Галоўнае зрабіць так, каб вынік спадабаўся і табе, і заказчыкам. Тады аб няўдачах не можа быць і гаворкі.

 

– Як у цябе ўзнікаюць творчыя ідэі?

 

Яны нараджаюцца самі па сабе. У 99 % гэта адбываецца бяссоннымі начамі, калі я знаходжуся за кампутарам, з велізарным кубкам кавы ў руках.

 

Праглядаючы 1000 фатаграфій іншых фатографаў, чытаючы 1000 інтэрв’ю і парадаў, ты пачынаеш пракручваць у галаве разнастайныя пастаноўкі і мінімальныя абрысы новых праектаў.

 

– Па якіх крытэрах ты выбіраеш месцы і герояў для сваіх здымкаў?

 

Прамы адказ даць я не змагу, бо гэта на 100% залежыць ад творчай ідэі.

 

– А ў чым асаблівасць стылю тваіх фатаграфій?

 

 – Я пакуль знаходжуся ў пошуку свайго асаблівага стылю. Пакуль яго няма, але ўсё яшчэ наперадзе, я перакананы.

 

– Фатаграфія – часовае захапленне ці справа ўсяго жыцця?

 

– Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб фатаграфія стала справай усяго майго жыцця.

І што б ні казалі людзі, што фатаграфіяй на жыццё зарабляць цяжка – я паспрабую гэта абвергнуць. Але ніхто не ведае напэўна, што адбудзецца далей.

 

– Дзе б хацеў убачыць свае фатаграфіі?


– Для пачатку на бігбордах роднага гораду, магчыма, у гарадзенскай выставачнай зале на вуліцы Ажэшкі.

Хацеў бы, каб мае фатаграфіі першымі кідаліся ў вочы пры адкрыцці дзвярэй некаторых начных клубаў краіны ці нават СНД.

 

Гэта, вядома ж, грэе самалюбства, але трэба шмат працаваць, каб дасягнуць гэтага.

 

– Якія планы на бліжэйшую будучыню?

 

– Удзел у некаторых перспектыўных інтэрнэт-конкурсах, набыццё новай апаратуры, а далей, я думаю, не варта заракацца.

 

– І ўсё-ткі, не баішся, што ў будучыні камерцыя паглыне ўсю творчую частку тваёй справы? Альбо яе вялікую частку?

 

– Апасенні, вядома ж, ёсць. Але так далёка не варта зазіраць.

Засяродзімся пакуль на творчасці, а не на нясмачнай камерцыі.

 

Фота: maksimshirkov.gallery.ru