Яны дыхаюць адным паветрам
Маша мае першы спартовы разрад па канкуры – майстэрстве пераадолення перашкод на кані.
– Маша, колькі гадоў ты прысвяціла гэтаму нялёгкаму спорту?
– Вось ужо шосты год пайшоў, як я прыйшла на стайню.
– Не надакучыла? Бо, наколькі я ведаю, заняткі конным спортам займаюць шмат часу. А ты ж яшчэ ў школе вучышся.
– Не, не надакучыла. Імкнуся сумяшчаць і тое, і другое. Трэніроўкі сапраўды займаюць шмат часу. Мой адзіны выходны – нядзеля.
– Навошта так часта прыязджаеш?
– Коней працаваць трэба.
– Як гэта, працаваць коней?
– Вучыць каня розным элементам: уступкі, вольты, прыпынкі, пад’ёмы і г.д. Конь заўсёды павінен быць у стане трэнінгу.
– А як жа сябры, забавы?
– Канкур – мой выбар. Хтосьці п’е, шпацыруе, а я скачу. Гэта як самы сапраўдны наркотык: спыніцца, здаецца, немагчыма. Ды і сябры ў мяне амаль усе коннікі.
– У цябе ёсць любімы конь?
– Так, яго завуць Салярыс, па-хатняму Косцік. Чыстакроўнай верхавой пароды. Жарабец. Мой добры, самы надзейны сябр. Разумее мяне лепш за маму (смяецца).
– Што для цябе конь?
– Гэта мой партнёр, паплечнік. Адну справу робім.
– Але ты ж зверху. Кшталту галоўная.
– Так, хітраваць не буду. Конь павінен паважаць чалавека. А то, ведаеце, шэсцьсот кілаграм жывой вагі супраць маіх пяцідзесяці пяці – гэта значная перавага. Каб усё было гладка, я камандую парадам.
– Перад выездам на канкурнае поле бывае страшна?
– Страх скоўвае, не дае цвяроза ацэньваць сітуацыю. Калі ён ёсць, ад яго трэба пазбаўляцца.
– Што значыць быць коннікам?
– Сапраўдны коннік з самага ранку спаўзае з ложка і адпраўляецца на стайню, нягледзячы на дождж, снег, ураган.
І нават калі нядужыцца, ён імкнецца на трэніроўку.
Быць коннікам – няпростае рамяство. Трэба ўмець сабрацца ў самы складаны момант, кантраляваць свае эмоцыі.
Быць адважным і рашучым, настойлівым, дзесьці нахабным. Часам коннік апрануты танней за свайго чацвераногага паплечніка. А на стале ў рамцы фотаздымак не хлапца альбо дзяўчыны, а дарагога сэрцу каня. Быць коннікам – значыць па-вар’яцку любіць сваю справу.
>
-А што трэба зрабіць, каб стаць коннікам?
– Прыйсці ў школу і запісацца. Для гэтага чалавек павінен падыходзіць па ўзросце. Бяруць дзяцей дзесяці-дванаццаці гадоў. Навучанне бясплатнае.
– А калі дарослы чалавек захоча навучацца верхавой яздзе?
– Для такіх людзей існуе пракат. Там за грошы можна навучыцца ездзіць.
Фота аўтара