БЕЗ ПРАВА РАСПАЎСЮДУ
“Гроднаабласаюздрук” не змог падрабязна патлумачыць прычыны адмовы распаўсюджваць “Газету Слонимскую” і “Новы час” праз свае кіёскі.
Член Савета Руху “За Свабоду” Аляксандр Зарэмбюк атрымаў адказ на свой ліст ад 13 студзеня да кіраўніцтва “Гроднааблсаюздруку” наконт таго, чаму “Газета Слонимская” і “Новы час” не распаўсюджваюцца праз дзяржаўную сістэму распаўсюду друкаваных выданняў, піша сайт milinkevich.org.
Дырэктар “Гроднааблсаюздруку” Тадэвуш Валчкевіч у сваім адказе паведаміў, што ў яго няма дамовы на распаўсюд названых выданняў, а рашэнне пра тое, ці заключаць з рэдакцыямі гэтых газет пагадненне ці не, – прэрагатыва за УП “Гроднааблсаюздрук”.
Нагадаем, восенню ўлады на жорсткіх эканамічных і юрыдычных умовах дазволілі вярнуцца ў дзяржаўны распаўсюд толькі незалежным газетам “Наша ніва” і “Народная воля”.
Застаецца абмежаваным распаўсюд выданняў “Новы час”, “Снплюс: Свободные новости плюс” (падпіска), “Товарищ”, “Витебский курьер-М”, “Вольнае Глыбокае”, “Газета Слонимская”, “Ганцавіцкі час”, “Intex-press” (Баранавічы), “Газета для вас”, “Бабруйскі кур’ер”. З пачатку новага году пазбаўлена магчымасці друкавацца, а таксама распаўсюджваць праз уласную гандлёвую сетку недзяржаўная грамадска-палітычная газета “Борисовские новости”.