“Маладыя людзі ў Беларусі вельмі дарослыя”

|

Звычайны працоўны дзень дзяўчын пачынаўся ў 8.30. Яны дапамагалі выхавацелькам рэабілітацыйнага цэнтра пакарміць, апрануць дзяцей, пагуляць з імі, завесці на працэдуры і г.д.

 

Аляксандра і Вольга падзяліліся сваімі ўражаннямі ад побыту і працы ў Гродна.

 

Пра дзяўчат

 

Аляксандра да прыезду  няблага валодала расейскай мовай, у Вольгі сітуацыя была больш складанай: дзяўчына практычна не ведала расейскай мовы.

 

Абедзьве прыехалі ў Беларусь упершыню і ўяўлення пра Усходнюю Еўропу амаль ніякога не мелі.

 

Аляксандра жыве ў тым самым Цешыне, адна палова якога знаходзіцца ў Чэхіі, а другая – у Польшчы.

 

Вольга прыехала з польскага Падкарпацця.

 

Такая геаграфія абумовіла вельмі цьмянае ўяўленне дзяўчын пра Беларусь.

 

Пра горад

 

– З аднаго боку, у мяне быў брак інфармацыі ўвогуле, а з другога – шэраг стэрэатыпаў: празмерная палітызаванасць, савецкасць. Ну, такія звычайныя стэрэатыпы, па-мойму, – кажа Вольга (на здымку).

 

– На мяне Гродна аказаў вельмі пазітыўнае ўражанне, – дзеліцца Аляксандра. – Старая частка горада выглядае дагледжанай, прыгожа пафарбаваная. Паўсюль чыста і бяспечна. Вельмі мілыя людзі, адкрытыя і гатовыя дапамагчы.

 

 

Пра крамы і абслугоўванне

 

– На жаль, у крамах часта сустракаліся з няветлівым абслугоўваннем, што ў Польшчы проста немагчыма.

 

Там, у нас, працуе правіла: кліент заўсёды пан. У Польшчы пытаюць: “Чым магу дапамагчы?” А тут часцей: “Што вам?” Гэта падавалася непрыемным.

 

Але акурат у краме, побач з якой мы жылі, прадавачкі былі добрыя: дапамагалі мне падлічыць беларускія рублі, пакуль я прывыкла.

 

Памятаю сітуацыю, калі ў рэстарацыі афіцыянт, які падаваў рэшту, пазяхаў. Я была проста шакаваная такімі паводзінамі.

 

Ну, і вядома, здзіўлялі і звярталі ўвагу на вуліцах дзяўчыны ў вельмі кароткіх спадніцах.

 

Ага, і вельмі гучная рэклама ў тралейбусах і аўтобусах часам, канечне, нервавала.

 

Але ўвогуле мне падалося, што людзі тут вельмі ветлівыя. Што нам яшчэ вельмі імпанавала і спрашчала побыт: тут вельмі шмат людзей гаворыць па-польску, прычым з неблагім вымаўленнем, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Аляксандра.

 

Пра дзяцей

 

– З дзецьмі атрымалася даволі хутка наладзіць кантакт і пасябраваць. Яны былі вельмі адкрытымі і цудоўнымі. Заўсёды так шчыра мяне віталі, калі прыходзіла на працу. Проста неверагодна сардэчна выказвалі мне сімпатыю.

Ніякіх праблемаў з паразуменнем не было, бо я размаўляю па-расейску, – лічыць Аляксандра.

 

– Акурат я мела праблемы ў камунікацыі з дзецьмі, бо расейскай мовы практычна не ведаю, – кажа Вольга.

– З маленькімі дзеткамі было прасцей: яны не гавораць, я таксама, таму мы цудоўна ладзілі і гулялі.

 

А ў дзяцей гадоў па 6-8 я выклікала часам такі недавер:

– Як такая вялікая, і не ўмее размаўляць на мове, ім зразумелай!

 

Некаторыя старэйшыя мяне спрабавалі падвучыць: паказвалі прадметы і называлі іх па-расейску.

У прынцыпе, базавымі рэчамі я авалодала і магла пасля паразумецца. Да таго ж дапамагалі выхавацелькі: многія з іх ведалі, ці хаця б разумелі, польскую мову. Альбо часам я прасіла гаварыць па-беларуску, тады разумела лепш.

 

– Для дзяцей найбольшай атракцыяй было, што я размаўляю па-расейску з дзіўным акцэнтам. Яны з гэтага вельмі пацяшаліся. Найбольш яны любілі гульні “У магазін” і забаву “Падарожжа ў Францыю”. Увесь час спрачаліся, хто ж туды “паедзе”, – узгадвае Аляксандра.


Пра моладзь

 

align=”left” >Аляксандра:

– Мне падалося, што маладыя людзі ў Беларусі вельмі дарослыя.

Можа, таму, што хутка сканчаюць навучанне і пачынаюць працаваць.

Таксама хутчэй, чым у Польшчы, выходзяць замуж і жэняцца.

 

Звярнула ўвагу на тое, што ў аўтобусах часта моладзь сядзіць, а сталыя людзі мусяць стаяць.

Гэта агульныя рэчы для моладзі з Беларусі і Польшчы.

 

Імпанавала, што знаёмыя хлопцы ставіліся неяк вельмі па-джэнтльменску. Мы наогул не пачувалі сябе сумна: нас заўсёды кудысьці запрашалі новыя сябры, прапаноўвалі экскурсіі, паездкі ці штосьці яшчэ.

 

Гэта вельмі спадабалася.

 

 

Аляксандра і Вольга працавалі ў Гродне ў межах праграмы “Моладзь у дзеянні”, якая стымулюе валанцёрскую працу моладзі па ўсёй Еўропе.

 

Фота Ланы Руднік