З Фестывалю – з узнагародамі (дададзена відэа)

|

Гарадзенскія грамадскія аб’яднанні “Цэнтр “Трэці Сектар” і “ВІТ” перамаглі ў конкурсе “Лепшы стэнд”, на якім прадставілі матэрыялы і друкаваную прадукцыю, прысвечаныя сваёй дзейнасці.

>

Удзел у фестывалі брала звыш 250 удзельнікаў, якія прадстаўлялі 120 арганізацый з Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы, Украіны, Таджыкістана, Узбекістана, Расіі, Польшчы ды Нямеччыны.

 

Мэтай фестываля была дэманстрацыя ўнёску арганізацый нефармальнай адукацыі ў павышэнні якасці жыцця людзей. 

 

На працягу трох дзён яны наведвалі рознага кшталту прэзентацыі арганізацый, майстар-класы, выставы. 

 

– Гэты фармат вельмі зручны, – кажа старшыня аргкамітэта Дзмітрый Карпіевіч (на здымку ніжэй) з грамадскага аб’яднання “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ”. Удзельнікі і госці Фестываля мелі магчымасць наведаць тыя мерапрыемствы, якія падаваліся ім найбольш цікавымі. Мы далі магчымасць правесці майстар-класы ўсім, хто падаваў заяўку.

– Пленарныя паседжанні, выступ нямецкага эксперта, розныя секцыі, стэнды арганізацый, кніжная выстава, якую ладзіла навукова-педагагічная бібліятэка – такую насычаную праграму мог вытрымаць не кожны настаўнік ці адукатар, – жартавалі арганізатары.

Удзел прадстаўнікоў парламента, Міністэрства адукацыі надало значнасці пытанню прызнання нефармальнай адукацыі ў сучаснай Беларусі, -кажа сябра журы па вызначэнні лепшых адукацыйных выданняў у межах Фестывалю Ірына Сямко (экалагічнае таварыства “Зялёная сетка” , міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава).

 

На фэсце было прадстаўлена шмат майстар-класаў, часопісаў, прысвечаных экалогіі. Пытанні аховы навакольнага асяроддзя і змены паводзінаў чалавека – адна з актуальных тэм нефармальнай адукацыі.

 

У трэці дзень фестываля арганізатары прапанавалі ўсім удзельнікам агульнае абмеркаванне ідэй для сумесных дзеянняў і праектаў у фармаце “Open Space”.

Хтосьці з гэтай тэхналогіяй ужо быў знаёмы, хтосьці пачаў ламаць галаву: як можна нешта абмяркоўваць пры такой вялікай колькасці людзей.

 

– Тэхналогіяй “Open Space” ці “адчыненая прастора” займаюся на працягу апошніх васьмі год. На мой погляд – гэта адна з самых эфектыўных тэхналогій, якая дазваляе за абмежаваны час вялікай колькасці людзей папрацаваць над тэмамі, якія цікавыя менавіта ім, – кажа вядоўца (фасілітатар) Сяргей Лабода (ГА “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ”).

 

– Менавіта ў межах нефармальнай адукацыі “адчыненая прастора” дазваляе дасягнуць добрых вынікаў, добра прапрацаваць заяўленыя тэмы. Агульная тэмай для абмеркавання было “Партнёрства і супраца для развіцця нефармальнай адукацыі”.

 

Мне здаецца, што ўдзельнікі змаглі абмеркаваць праблемы, звязаныя з тэмай, спланаваць будучыя праекты ці проста абмеркаваць ідэі для далейшай супрацы.

 

Вольга Карач, “Цэнтр грамадскіх ініцыятыў “Наш дом”: “Мы прадстаўлялі на фестывалі грамадскую кампанію “Наш дом” для таго, каб большая частка людзей магла пазнаёміцца з нашай дзейнасцю, дамагацца рэалізацыі сваіх правоў.

 

Гэты фестываль – добрая магчымасць пазнаёміцца з ініцыятывамі, якія працуюць у той жа сферы, што і мы, аб’яднаць высілкі”. 

Фінальным акордам Фестываля стала ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў у розных намінацыях.

 

Фестываль нефармальнай адукацыі стаў добрай магчымасцю набыць новыя кантакты, веды, уражанні, і, самае галоўнае – павысіць матывацыю для навучання.

Арганізатарамі Фестываля нефармальнай адукацыі выступіў шэраг беларускіх некамерцыйных арганізацый, якія займаюцца грамадзянскай і нефармальнай адукацыяй і асветай, а таксама  Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Я.Раў і Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання  “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.“ (ФРГ) у Беларусі.

 

Папярэднія Фестывалі нефармальнай адукацыі праводзіліся ў Беларусі ў 2006 і 2008 гг.

 

Больш падрабязна пра фестываль можна прачытаць тут і тут