Чацвёртая бясплатная экскурсія па Гродне: «Людзі ў форме»
Гродна быў не проста ідэалагічнай вітрынай Савецкага Саюза. Наш горад, як і ўся Беларусь, быў часткай вайсковага ўдарнага кулака краіны саветаў, накіраванага супраць НАТО. Танкісты, пяхота, артылерыя, сувязь, пагранічнікі – увесь горад быў напоўнены войскам у большай нават ступені, чым у часы Расійскай імперыі ці міжваеннай Польшчы.
Салдаты, прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў СССР, надавалі гораду непаўторнае аблічча і шмат хто заставаўся тут і пасля службы. Адсюль жа многія жыхары Савецкага Саюза накіроўваліся на службу ў Чэхаславакію ці ГДР.
Горад таксама доўга памятаў і аб трагедыях, якія адбываліся па віне вайскоўцаў, напрыклад гібель некалькіх студэнтаў Гродзенскага сяльгасінстытута пад гусеніцамі танка ў 1964 годзе. Але ў форме ў Гродне 1950-60-х гг. хадзілі не толькі вайскоўцы. Міліцыянеры, супрацоўнікі КДБ, пажарныя, супрацоўнікі юстыцыі і чыгуначнікі.
Навучэнцы сярэдніх навучальных установаў таксама хадзілі ў форме (тады ФЗУшніку можна было пры пэўнай снароўцы сыйсці за будучага лётчыка).
Цікавую супольнасць людзей у форме ў нашым горадзе складалі мытнікі.
23 кастрычніка ў суботу адбудзецца чарговая сустрэча ў рамках праекта “У пошуках штодзённасці” па мясцінах, звязаных з людзьмі ў форме. Экскурсію правядзе Віктар Саяпін. Сустрэча ў 11 гадзін на вуліцы Замкавай каля Музея гісторыі рэлігіі.
Здымак з сумеснай выставы Ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы і Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея