Псіхатэрапеўт лепшы за сябра?

|

Якi стан практычнай псіхалогіі і псіхатэрапіі ў нашым горадзе? Ці будзе цiкава такая радыёпраграма гарадзенцам? Адказы я атрымала непасрэдна ў вядучай праграмы – псіхолага абласнога псіханеўралагічнага дыспансэра.

 

– У якім стане знаходзіцца зараз прыватная практыка па псіхатэрапіі ў Гродне?

– Выразная структурная праграма, на жаль, адсутнічае. У Гродне ёсць нядрэнныя наркалагічныя праграмы. Аднак, у сілу ментальнасці і маргінальнасці нашага грамадства, сфера псіхатэрапіі знаходзіцца ў дрымотным стане.

 

– Са школьных часоў мне вядома, што існуюць так званыя «тэлефоны даверу», па якіх працуюць практыкуючыя псіхолагі. Зараз яны кудысьці зніклі. Чаму нідзе няма ніякай інфармацыі пра гэта?

– Тэлефоны даверу ёсць. На жаль, дзяржава сёння займаецца прапагандай здаровага ладу жыцця толькі ў фізічным плане. Няма прапаганды псіхічнага здароўя. Без яго не можа быць і гаворкі аб здаровай асобе ў цэлым.

 

– Як звязаныя паміж сабой псіхалогія і рэлігія? 

– Сувязь вельмі цесная, і адно іншаму не перашкаджае. Усё гэта развівае духоўнасць чалавека, яго культуру цялеснасці.

 

– Якія існуюць бар’еры на шляху да ажыццяўлення дзейнасці псіхолага або псіхатэрапеўта?

–У першую чаргу, гэта тое, што адукацыю псіхолага мы атрымліваем у педагагічным універсітэце, гэта значыць – у Міністэрстве адукацыі, а ліцэнзію для практыкі – у Міністэрстве аховы здароўя. У нас няма дакладных патрабаванняў. У закон аб ліцэнзаванні пастаянна ўносяць нейкія папраўкі. Па-другое, гэта адсутнасць страхавой медыцыны, як ва ўсім свеце. У Еўропе, калі чалавек захацеў звярнуцца да псіхолага, ён ідзе і плаціць у касу на рахунак нейкай пэўнай асацыяцыі, а не ў рукі псіхолага.

 

– У нас неяк дзяржава падтрымлівае псіхолагаў ці грамадзян, якія жадаюць атрымліваць асабiстае псіхалагічнае суправаджэнне?

– На жаль, і ні ў першым і не ў другім выпадку няма неабходнай падтрымкі. Псіхалагічныя праграмы практычна адсутнічаюць. Галоўнае, каб выконвалася падатковае заканадаўства. У астатнім, усе псіхалагічныя паслугі, якія маюць дзяржаўны характар, ажыццяўляюцца ў нас толькі клінічным шляхам.

 

align=”left” >– Калі і каму можа спатрэбіцца псіхолаг?

– У нашым грамадстве прынята, што да псіхолага ці да псіхатэрапеўта звяртаюцца толькі людзі з адхіленнямі. Людзі ўспрымаюць гэта як скід эмоцый, а не кваліфікаваную псіхалагічную карэкцыю. Гэты працэс патрабуе ад спецыяліста пастаяннага абнаўлення і самаўдасканалення. Пастаянна трэба глядзець якія методыкі працуюць, а якія не, што эфектыўна ў кожным прыватным выпадку.


– Чым у нас займаюцца псіхолагі ў школах, дзіцячых садках і медыцынскіх установах?

– Узровень псіхалогіі там такі, што спецыялісты дзейнічаюць па агульных тэарэтычных методыках, ужываюць агульнапрынятыя тэсціраванні, усіх ацэньваюць па сярэднестатыстычных шкалах. Усё зводзіцца да працэсу «перакладання паперак», запаўнення часопісаў, напісання планаў, якія не даюць рэальных практычных вынікаў. Раней спецыялістаў псіханеўралагічнага дыспансера запрашалі з лекцыямі і трэнінгамі ў школы і дзіцячыя садкі, зараз такога няма.

 

– Які цяпер у нас узровень падрыхтоўкі псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў да ажыццяўлення прыватнай практыкі?

– Няма якаснай падрыхтоўкі псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў ў асабістай практыцы. Кожны спецыяліст перш, чым аказваць такія паслугі, павінен некалькі гадоў прысвяціць асабістай тэрапіі як пацыент. Толькі здаровая і паўнавартасная асоба зможа дапамагчы ў псіхалагічным плане. У навучальных установах не вучаць практычным рэчам, у асноўным, усе веды падаюцца навуковай мовай. Практычныя трэнінгі ў Маскве абыходзяцца ў 4000-5000 долараў за 2 гады. А сярэдні заробак псіхолага складае 400 тысяч рублёў.

 

– На вашу думку, з чаго трэба пачаць, каб зрушыць псіхатэрапію з таго ўзроўню, на якім яна цяпер у нас знаходзіцца?

– Людзі з большай ахвотай наведваюць розныя трэнінгі і семінары, якія прывозяць са сталіцы ці з замежжа, хоць і ў нашых псіхолагаў вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Многія цікавыя практыкі мы ўжываем і ў нашым псіханеўралагічным дыспансеры. Але ўсё ж папулярызацыя псіхатэрапіі небяспечная. Шлях да псіхолага такі ж, як і шлях да разумення прылады свету і да Бога. Ён у кожнага свой.

 

– Ці ёсць месца ў Гродна, дзе можна даведацца, якія ў нас ёсць спецыялісты, якія практыкі яны ўжываюць?

– На жаль, такога месца няма. Было б выдатна, каб існавалі нейкія рэестры, дзе можна было б атрымаць такую інфармацыю. Напрыклад, у суседняй Польшчы існуюць асацыяцыі і фонды, там вельмі моцная сацыяльная інфраструктура, шмат праграм для ахвяр гвалту, сэксуальных меншасцяў і нават для злачынцаў, якія хочуць патрапіць пад амністыю.

 

– Як знайсці неабходнага спецыяліста ў нашым горадзе?

– Тут такі ж працэс, як і пошук свайго цырульніка, стаматолага і г.д. Хто шукае, той заўсёды знаходзіць.

 

– Падводзячы вынік, складваецца зусім не вясёлкавае ўражанне. Як вы бачыце ў будучыні развіццё прыватнай псіхатэрапіі і псіхалогіі ў Гродне?

– Будзем чакаць і спадзявацца, што ў хуткім часе нешта зменіцца. З 1-га лістапада рыхтуюцца нейкія папраўкі ў заканадаўчыя акты аб ліцэнзаванні. Вельмі спадзяемся, што для атрымання ліцэнзіі не трэба будзе ездзіць у Мінск, а ўсё можна будзе атрымаць на месцы.

 

Адным словам, гродзенскія псіхолагі і псіхатэрапеўты ў чаканні. Можа быць у хуткім часе сітуацыя зменіцца і свет пачуе і пра нашых практыкуючых спецыялістаў.

Ілюстрацыя на застаўцы http://www.tiensmed.ru