У Гродзенскім звярынцы для слана пабудуюць басейн
Распачатая ў 2002 годзе, перабудова звярынца ахапіла тэрыторыю ў 3,4 га. У праект уклалі 20 мільярдаў беларускіх рублёў, каб скончыць працы, трэба яшчэ столькі ж. Сродкі на рэканструкцыю выдаткоўваюцца з рэспубліканскага фонду аховы прыроды і абласнога бюджэту. Жывёлаў набываюць за кошт грошай звярынца.
Зараз поўнасцю гатовыя 10 збудаванняў, прычым аднавілі толькі памяшканне для птушак, астатнія адбудавалі з нуля. Перасялілі мядзведзяў, цеплалюбівых капытных, драпежных птушак, ваўкоў, рысяў. Пабудавалі ўзвышанасці для горных казлоў, баранаў і муфлонаў, вальеры для зубраў і якаў. Амаль дабудавалі жыллё для драпежнікаў – сюды пераедуць персідскі леапард з Роўна і ягоная сяброўка Тайні.
Адным з самых цікавых аб’ектаў зробіцца сланоўнік – тут будзе басейн, цёплая падлога і вонкавы вальер. Уваход у звярынец таксама абяцаюць зрабіць цікавейшым.
Па словах галоўнага архітэктара праектаў “Гроднажылпраект” Уладзіміра Лытава, тут размесціцца пяць збудаванняў – галоўны уваход, спецыялізаваная крама, папугайнік, акварыюм, кавярня на сорак месцаў. Наўпрост з-за століка кавярні можна будзе назіраць за рыбкамі.
Зараз у Гродзенскім звярынцы жыве 3,4 тысячы жывёлаў, птушак і рыб 312 відаў.
Здымак Асі Брындзы