Моладзь далучыць Беларусь да Еўропы
Гродна наведалі каардынатар Рэсурснага цэнтра САЛЬТО для краін Усходняй Еўропы і Каўказа, а таксама прадстаўнікі мінскіх арганізацый “Фіяльта” і “Ліга добраахвотнай працы моладзі”. Госці сустрэліся з мясцовымі грамадскімі арганізацыямі і прадстаўнікамі ўлады, дзе абмеркаваліся магчымасці стварэння адкрытай пляцоўкі для прэзентацыі і знаёмства еўрапейскіх структур з дзейнасцю мясцовых арганізацый.
Азнаямляльны візіт у Беларусь 26 прадстаўнікоў еўрапейскіх дзяржаўных і няўрадавых структур, якія працуюць з моладдзю, з 14 краін Еўропы адбудзецца з 5 па 10 мая 2009г. Яго арганізатарамі выступілі Рэсурсны цэнтр САЛЬТО для краін Усходняй Еўропы і Каўказа, Упраўленне па справах моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі, “Ліга добраахвотнай працы моладзі” і інш. Падчас візіту ўдзельнікі пазнаёмяцца з рэалізацыяй і развіццём моладзевай палітыкі ў Беларусі на агульнанацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях. Рэгіянальны ўзровень будзе прадстаўлены гродзенскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі.
Чакаецца, што візіт паслужыць развіццю доўгатэрміновых партнёрскіх сувязей паміж беларускімі і еўрапейскімі арганізацыямі для рэалізацыі сумесных моладзевых праектаў.