Эколагі занепакоеныя праектам будаўніцтва вугальнай ТЭЦ на Гродзеншчыне

|

Арганізацыі ўпэўненыя, што праект мусіць быць абмеркаваны на грамадскіх слуханнях, “дзе будзе абгрунтавана экалагічная мэтазгоднасць аб’екта, які ўяўляе відавочную пагрозу навакольнаму асяроддзю у і здароўю грамадзян”. 

Зварот падтрымалі Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Экапраект“, Цэнтр экалагічных рашэнняў, экалагічнае таварыства “Зялёная сетка” і Гродзенскае аддзяленне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Падпісанае пагадненне аб інвестыцыйным супрацоўнітве паміж “Гроднаэнерга” і польскім АА “Кульчык Холдынг” прадугледжвае будаўніцтва ў Зэльве вугальнай ТЭЦ магутнасцю да 900 МВт. Асаблівасць праекта ў тым, што электрастанцыя будзе працаваць найперш на польскім каменным вуглі, а большая частка электраэнергіі, мяркуецца, будзе прадавацца ў Польшчу.

 

Экалагічныя арганізацыі занепакоеныя тым, што функцыянаванне такога аб’екта можа прычыніць шкоду навакольнаму асяродку. Пры рабоце ТЭЦ на каменным вуглі магчымы вялікія выкіды іртуці і іншых цяжкіх металаў, устойлівых арганічных забруджвальнікаў, вялікай колькасці парніковых газаў і іншых небяспечных рэчываў.

 

Мы зацікаўленыя ў тым, каб грамадскасць атрымала падрабязныя матэрыялы па ацэнцы ўздзеяння гэтага праекта на навакольны асяродак. Таксама мы разлічваем на правядзенне паўнавартасных грамадскіх слуханняў па гэтым праекце, – гаворыць Ірына Усава, старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапраект”.

 

Экалагічныя арганізацыі маюць намер звярнуцца ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродку, “Гроднаэнерга” і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з просьбай даць падрабязную інфармацыю пра запланаванае будаўніцтва вугальнай ТЭЦ у Зэльве.