Курс па Палярнай зорцы
Спартыўны турыст жа павінен валодаць пэўнымі навыкамі і мець добрую фізічную форму.
Аказваецца, маючы аўтамабіль і здзяйсняючы паездкі па Беларусі і па свеце, можна атрымаць званне «майстра спорту па турызме». Няма аўтамабіля – не бяда! Вам хопіць ровара, матацыкла, байдаркі або сваіх дзвюх ног.
У Гродна існуе Гарадскі турысцка-інфармацыйны цэнтр (вул. Э. Ажэшкі, 38), куды можна звярнуцца. Калі вы жадаеце стаць турыстам, прыходзiце, пакідаеце заяўку і, калі якая-небудзь група спартыўных турыстаў заяўляе паход, вас абавязкова знойдуць. На базе турысцка-інфармацыйнага цэнтру ажыццяўляе сваю дзейнасць абласная маршрутна-кваліфікацыйная камісія па турызме (АМКК). Менавіта звярнуўшыся ў яе, вы зможаце прэтэндаваць на спартыўныя званні.
Для таго, каб прайсці шлях ад звычайнага турыста да майстра спорту, трэба пабываць не ў адным паходзе. У Беларусі спартовыя званнi існуюць у такіх відах турызму, як: пешаходны, лыжны, горны, водны, веласіпедны, аўтамабільны, матацыклетны, ветразны, конны і спелеатурызм. Калі для вас штосьцi з гэтага пакуль было звычайным хобі, то з любога моманту вы можаце знайсці аднадумцаў, пабываць у новых месцах і пачаць ставіць сабе больш складаныя мэты ўжо са спартовай цікавасцю.
>
Як распавёў старшыня Гродзенскай АМКК Аляксандр Пятроў, у Гродна вельмі шмат спецыялістаў з высокім узроўнем падрыхтоўкі. Вельмі моцная водная, пешаходная і роварная школа ў турыстычнага клубу ААТ «Азот» – «КроКi». На сёння ў клубе афіцыйна маюць званне інструктара 12 чалавек, 3 – кандыдаты ў майстры спорту па турызме.
У турыстаў любімыя месцы – гэта узарваныя фарты ў наваколлях Гродна, Крым, Карпаты, (на здымку) рэкі Алтаю і Ўралу. У воднікаў адрадзілася «Нёманская вясна» на Аўгустоўскім канале. Прыцягваюць сюды не толькі спаборніцтвы, трэніроўкі, але i адмысловая паходная аўра.
Спартыўнаму турызму прысвечаны сайт http://www.sports-tourism.info. Пачалі яго распрацоўваць і развіваць самі гарадзенскія турысты-энтузіясты.
Аляксандр Васільевіч акрамя таго, што з’яўляецца майстрам спорту па турызме, піша вершы, публікуецца ў «Вячэрнім Гродна» і польскiм часопісе «Wiosło».
– Цяпер, калі рэальнасць ператварылася ў казку ўспамінаў, рука сама цягнецца да пяра, каб успомніць, як захапляльна было на Паміры зрабіць першы крок праз прорву, як на Палярным Урале сякерай здабывалі каменны вугаль, як у снежным бязмоўі звяралі курс па Палярнай Зорцы, як страшна было ляцець на верталёце над грукамі вайны Афганістану…
У апошні час вельмі папулярным становіцца правядзенне турысцкіх злётаў на камерцыйнай аснове. Ініцыятар – турфірма «Нёмнава Тур». Некалькі гадоў таму іх намаганнямі стаў зараджацца трансмежны камерцыйны спартыўны турызм. У польскім Аўгустове адкрылася беларускае консульства спецыяльна для замежных турыстаў, якое выдае ільготныя візы. Наладжана сувязь з польскімі турыстамі з Аўгустова і Беластока. Спартыўны турызм – гэта не проста від спорту, гэта цэлы напрамак у жыццядзейнасці, сінтэз філасофіі і ладу жыцця.
– Вы пытаеце, што мне даў турызм? Матэрыяльных благ – ніякіх. А шчасця і радасці – столькі, што нават успаміны робяць мяне багатым.