На Гродзеншчыне найменей ВІЧ-інфікаваных
Гэты паказчык складае 36,1 на 100 тысяч насельніцтва, у параўнанні з рэспубліканскім – 99 выпадкаў на 100 тысяч. Пра гэта паведаміла намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Яніна Шарэнда.
Па дадзеных на 1 лістапада на Гродзеншчыне зарэгістравалі 470 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у тым ліку сёлета за 10 месяцаў выявілі 46, падае БЕЛТА. Эпідэмічны працэс назіраецца ў 17 з 18 адміністрацыйных тэрыторыяў. Найбольшая колькасць зарэгістраваных выпадкаў назіраецца ў Лідзе – 192,6 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва, на другім месцы Гродна – 73 выпадкі на 100 тысяч.
Дагэтуль самым распаўсюджаным спосабам перадачы ВІЧ-інфекцыі з’яўляецца полавы – за 10 месяцаў ягоны адсотак склаў 80,4%, парэнтэральным шляхам – 10,9% ад усіх выпадкаў заражэння.
На Гродзеншчыне заўважаецца рост колькасці ВІЧ-інфікаваных сярод людзей ва ўзросце 30 год і старэйшых (42,3% або 199 чалавек). Найбольш інфікаваных сярод асобаў без пэўнага занятку (40%), з месцаў зняволення (25,8%) і працоўных (24,9%).
Ад ВІЧ-інфікаваных маці за перыяд з 1987 года па 1 лістапада 2010 у вобласці нарадзілася 60 дзяцей, толькі 11 сёлета. У сямі дзіцёнкаў дыягназ “ВІЧ-інфекцыя” пацвердзіўся, у тым ліку у трох у гэтым годзе.
У межах Сусветнага дня барацьбы са СНІДам у Гродне зладзяцца акцыі, віктарыны, конкурсы, дыскатэкі, спартовыя турніры, тэатралізаваныя шоў, якія прысвячаюцца розным аспектам тэмы.
Упершыню Сусветны дзень барацьбы са СНІДам адзначаўся 1 снежня 1988 года.