Знішчэнне Румлёўскага парку спыніла грамадскасць

Увагу на знішчэнне каштоўнага парку ў Гродна высокія чыноўнікі звярнулі пасля настойлівых зваротаў і званкоў сябраў грамадскага аб’яднання “Экадом” у мінпрыроды і публікацыяў у СМІ.

 

На ўчорашняй сустрэчы прысутнічалі першы намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Цыбульнікаў, начальнік гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродку Андрэй Лубін, намесніца начальніка абласнога камітэта аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродку Святлана Дзмітрыева, начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Уладзімір Халопаў, а таксама абаронцы парку – даследчык гісторыі Румлёўскага парку Віталь Гуменны, гродзенскі краязнаўца і біёлаг Таццяна Солтан, гродзенскі краязнаўца Віталь Карнелюк.

 

Парушэнні, канешне, ёсць, больш дэталёва ў іх будзе разбірацца спецыяльна створаная камісія з нашага міністэрства, – пракаментаваў вынікі сустрэчы намеснік міністра аховы прыроды і навакольнага асяродку Анатоль Ліс. – Я сказаў гарадскім уладам, што мусіць быць створана праектна-сметавая дакументацыя, якую ацэняць экаэксперты, навукоўцы. Праект па добраўпарадкаванні Румлёўскага парку і ўсе працы мусяць выконвацца выключна ў межах беларускага заканадаўства, якое тут было відавочна парушана. І глядзець трэба будзе ў цэлым, там вельмі шмат праблем, не толькі пытанне па тых 8 гектарах.

 

Па словах начальніка гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродку Андрэя Лубіна, праект, які будзе рыхтаваць упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва, прадставяць увесну для абмеркавання навукоўцамі-эколагамі і грамадскасцю.

 

Аўтарка кнігі пра лесапарк “Румлёва” Таццяна Солтан звярнула ўвагу чыноўнікаў на самыя балючыя кропкі пашкоджанага парку:

 

Пасля вырубкі высакароднага падростку ў парку засталіся адзіночныя таполі, якія найбольш схільныя да павалення ад парываў ветру. Зараз існуе такая пагроза, што яны паваляцца ад вятроў. Сп Цыбульнікаў сказаў Андрэю Лубіну насадзіць новыя маладыя дрэвы.

 

Яшчэ адна сур’ёзная праблема – пракладзеная асфальтавая дарога. Асфальт пакладзены практычна па краі схіла, дзе пачынаецца абрыў. У гэтым месцы растуць старыя дубы і акацыі – дарога прайшла проста па іх карнявых сістэмах. І калі зверху пракаціць катком, дрэвы могуць гэтага не вытрымаць. Аляксандр Цыбульнікаў паабяцаў, што каток на гэтую частку дарогі не прывязуць – асфальт здымаць ужо не будуць, але закатаюць яго невялікім катком.

 

Таксама намеснік старшыні гарвыканкама паабяцаў, што каля Румлёўскага парку кавярня і стаянка для аўтамабіляў будавацца не будуць. Усе наступныя насаджэнні ці ўмяшанні будуць зробленыя згодна з рэкамендацыямі прафесара біялогіі, даследчыка Румлёўскага парку Анатоля Федарука, якога абяцалі запрасіць у Гродна. Прафесар у папярэдняй размове з прадстаўнікамі “Экадому” прыехаць пагадзіўся, але толькі па запрашэнні гарадскіх улад – у іншым выпадку, мяркуе Анатоль Федарук, ягоныя рэкамендацыі ўлічаныя не будуць.