За купалы з какошнікамі ўладальнікі царквы адкажуць

Як адзначаецца ў лісце старшыні Навагрудскага райвыканкама Анатоля Кулака намесніку міністра культуры Віктару Курашу, у адказ на загад Міністэрства культуры ад 12 лістапада ў Навагрудку 15 лістапада адбылося паседжанне камісіі з прадстаўнікоў райвыканкама і Гродзенскага аблвыканкама ў прысутнасці протаіерэя Анатоля Герасімука і іерэя Мікалая Орсы.

 

Камісія канстатавала факт правядзення прац па аднаўленні завяршэнняў вежы царквы без дазволу Мінкульта і падрыхтавала пратакол пра адміністрацыйную адказнасць праваслаўнага прыходу, адзначаецца ў лісце. Копія ліста скіраваная старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу.

 

Ён паведаміў, што 3 лістапада Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкульце вырашыла пакінуць шатровыя завяршэнні пакрыцця вежаў царквы з невялікімі цыбулепадобнымі вянцамі пад крыжы. Аднак уладальнік помніка без дазволу Міністэрства культуры змантаваў на адной з вежаў цыбулепадобныя завяршэнні з какошнікамі, што не адпавядае рашэнню рады, адзначыў Астаповіч.

 

Ён выказаў надзею, што адміністрацыйная камісія райвыканкама аб’ектыўна разгледзіць гэтую справу і накладзе на прыход штраф, адпаведны маштабу правапарушэння.

Паводле БелаПАН

Здымак з Радыё Рацыя