Патрабуюцца мужчыны для працы на Гродзенскай мытні

Асноўныя патрабаванні да кандыдатаў – падаваць заяўкі могуць мужчыны ва ўзросце да 30 гадоў, якія маюць вышэйшую юрыдычную, эканамічную ці тэхнічную адукацыю, валодаюць высокімі маральнымі і дзелавымі якасцямі, а таксама здольныя па ўзроўні адукацыі і стане здароўя праходзіць службу ў мытных ворганах.

 

Чаму ў абвестцы пазначаныя толькі асобы мужчынскага полу, патлумачыла начальнік аддзела кадраў Гродзенскай рэгіянальнай мытні Ала Нялепка:

 

Нам патрабуюцца супрацоўнікі на цяжкім участку – мытным даглядзе, дзе жанчынам справіцца з аб’ёмам працы цяжка фізічна, там трэба ў тым ліку падымаць цяжкія грузы. Жанчыны ў нас там працуюць, таму ў большай ступені нам патрэбныя для таго віду працы асобы мужчынскага полу.

 

Падазрэнні пра тое, што на Гродзенскай мытні моцная цякучка кадраў Ала Нялепка не пацвердзіла:

 

У нас заўсёды ёсць патрэба ў харошых кадрах, бо супрацоўнікі выходзяць на пенсію, камусьці не падаўжаюць кантракт па розных прычынах, хтосьці пераводзіцца на іншую службу. Толькі ўлетку, калі прыходзяць выпускнікі, мы забяспечаныя кадрамі цалкам.

 

Заробак у перыяд выпрабаваўчага тэрміну цягам паўгоду – 800 тысяч рублёў, пасля абяцаюць у сярэднім 1 435 тысяч.

Здымак з www.belarus.by