З наступнага году “Лідскае піва” слабаалкагольныя напоі выпускаць не будзе
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Аўдрус Мікшыс. Паводле яго слоў, на распрацоўку і вывучэнне вопыту вытворчасці сідру фінскай кампаніі Olvi спатрэбілася паўтара года. Зыходнай сыравінай для вытворчасці гэтага слабаалкагольнага напою з`яўляецца яблычны сок, які пастаўляецца на прадпрыемства ад беларускіх вытворцаў. Працэс закісання займае два тыдні. Для вытворчасці сідру выкарыстоўваецца тое ж абсталяванне, што і для вытворчасці піва і квасу. Дадаткова набытыя ёмістасці і фільтры. Таксама грошы інвеставаныя ў распрацоўку этыкеткі і рэкламную кампанію.
Як паведаміў менеджэр па краінах Балтыі і Беларусі кампаніі Olvi Пеэп Акель, кампанія вырабляе сідр пад маркай FIZZ у Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Літве, дзе гэты напой мае добры попыт.
– Дадзеныя па спажыванні сідру ў Беларусі адсутнічаюць, але, паводле прыблізных разлікаў, яно складае грамы, можна сказаць, што практычна не ўжываецца, — адзначыў Мікшыс.
Як паведаміла дырэктар па продажах Алена Аўдзеенка, на гэтым этапе прадпрыемства выпусціла першую партыю ў 10 тыс. дал яблычнага сідру мацункам 4,7% у ПЭТ-бутэльках ёмістасцю 1 літр. У далейшым плануецца выпускаць напой таксама ў бутэльках ёмістасцю 1,5 літра і ў кегах для кафэ і рэстаранаў.
Кошт літровай бутэлькі складае 3.990 рублёў, 1,5-літровай — 5.490 рублёў. Паводле яе слоў, доля выпуску сідру ў агульным аб`ёме вытворчасці іншай прадукцыі складзе не больш за 3%. Найбліжэйшым часам плануецца запусціць у вытворчасць сідр з новым смакам — грушавы.
Акрамя таго, Аўдрус Мікшыс паведаміў, што ў сувязі з рэзкім павышэннем з 1 студзеня 2011 года ставак акцызаў на слабаалкагольныя напоі, вырабленыя з ужываннем спірту, прадпрыемства спыніць іх вытворчасць. Застанецца толькі вытворчасць сідру, напою натуральнага закісання.
Паводле БелаПАН