Раманчуку прапанавалі ўзначаліць урад

Як паведаміў Яраслаў Раманчук 13 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, на мінулым тыдні з такой прапановай да яго звярнуліся два супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта. Сустрэча насіла нефармальны характар, паведамляе Радыё Свабода.

 

З выбараў мне здымацца не прапаноўвалі. Прадстаўнікі адміністрацыі паведамілі, што некаторыя мае ідэі носяць канструктыўны характар, — сказаў Раманчук.

 

У адказ Раманчук вылучыў шэраг патрабаванняў, сярод якіх: змены падыходаў у працы ўрада, большая самастойнасць у прыняцці рашэнняў, а таксама магчымасць прывесці каманду прафесіяналаў, якія б маглі рабіць рэформы.

 

Раманчук паведаміў, што рэакцыі на ягоныя патрабаванні пакуль няма. Кандыдат на прэзідэнта не назваў журналістам імя чыноўніка, які прапанаваў яму пасады. Паводле Раманчука, размова з вертыкальнікам адбылася на мінулым тыдні, да таго, як у суботу ён патрапіў у аўтааварыю па дарозе з Гомелю ў Рагачоў. Менавіта аварыя, як кажа кандыдат на прэзідэнта, і падштурхнула яго распавесці пра гэтую прапанову.

 

Яшчэ ўвосень намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што перавыбарчая праграма Яраслава Раманчука “Мільён працоўных месц для Беларусі” носіць экстрэмісцкі характар. Пазнаёміўшыся з асобнымі палажэннямі праграмы тады яшчэ патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, чыноўнік адзначыў, што праграма, на яго погляд, “мае як станоўчыя моманты, так і недахопы”.

Здымак з telegraf.by