Кветкавае мастацтва

|

Фларыстыкай яшчэ называюць кветкавы дызайн. Гэта від прыкладнога мастацтва, своеасаблівы культ кветак і раслін. Фларыстамі прынята лічыць служыцеляў гэтага «культу», людзей, якія гавораць з кветкамі на толькі зразумелай ім мове. Гарадзенскі фларыст Ганна, па прафесіі «мастак-рэстаўратар», у гэтую сферу трапіла выпадкова. Усё пачалося з таго, калi 5 гадоў таму на Грандзiчскім рынку яна адкрыла невялікі павільён.

 

– З самага пачатку я нават не ведала з якога боку падысці да кветак. Потым на дапамогу прыйшлі кнігі і часопісы. Велізарнае жаданне і любоў да сваёй працы дапамаглі адшукаць свой уласны, непаўторны стыль.

>

З часам месца ў павільёне стала не хапаць. Ганна разам з сяброўкай Інай знайшлі падыходзячае месца ў цэнтры гораду. Так з’явіўся салон «Эцюд». На паліцах можна ўбачыць самаробныя фантазійныя елкі, вянкі, гірлянды, калядныя калажы і пано.

Вось такую навагоднюю елку стварылі пры мне прыкладна за адну гадзіну.

 

Кітайская вытворчасць ужо надакучыла. Людзям хочацца чагосьці якаснага і эксклюзіўнага. А фларыстыка не мае абмежаванняў для фантазіі. Гэта – стартавая кропка ў рэалізацыі самых смелых і арыгінальных ідэй. Аднак шкада, што ўсе ручныя вырабы разлічаныя толькі на 20 % насельніцтва ў сілу таго, што гэты рынак недастаткова развіты.

У скарбонцы салону ёсць букеты і кампазіцыі, складзеныя для беларускіх эстрадных зорак. У адзін з візітаў у Гродна букет з васількоў, сланечнікаў і хрызантэм ад «Эцюду» атрымаў кіраўнік нашай краіны.

 

Самым папулярным відам кветкавага мастацтва ў нашым горадзе з’яўляецца вясельная фларыстыка. Кошт на букет для нявесты складае ад 100 000 да 450 000 рублёў. Праца фларыста ў кошт практычна не ўключаецца, бо гэта вельмі моцна адбіваецца на цане букета.

– Я заўсёды штосьцi рэкамендую маладой, а выбар застаецца за ёй. Лепш атрымліваюцца букеты, калі нявеста «аддаецца» ў рукі спецыяліста і цалкам яму давярае. У гэтым выпадку атрымліваюцца самыя ўдалыя працы. Бывае так, што за выходныя трэба зрабіць да 10 букетаў, і як выглядаюць многія з іх з часам забываю. Але ёсць такія, пра якія забыцца цяжка. У асноўным, гэта складаныя букеты, над якімі трэба было паламаць галаву.

 

На думку Ганны, большасць людзей у нашым горадзе не давяраюць фларыстам. Гродзенцы запампоўваюць малюнкі з інтэрнэту, прыносяць фатаграфіі з чужых вяселляў. «Яны не дапускаюць таго, што гэта цалкам ім можа не падысці», – кажа Ганна.

 

У нас людзі вельмі насцярожана ставяцца да раслiн i кветак, якія растуць «у бабулі ў агародзе». Можна зрабіць фешэнэбельны недарагі букет з півоняў, бэзу, рабіны, геаргiнаў, iрысаў, нарцысаў.

 

– Пры адным слове «гладыёлус» чалавек ледзь не страчвае прытомнасць. Магчыма, гэта ўкараніліся ў свядомасці стэрэатыпы аб нейкай савецкай «аднолькавасці», калі ў першы клас усе дзеці як адзін ішлі з аднолькавымі кветкамі.

 

Для тых, хто хоча не толькі ведаць, але і атрымаць навыкі ў гэтай галіне, Ганна адкрывае на базе салону «Эцюд» школу для фларыстаў.

 

– Навучанне будзе праводзіцца 2 разы на тыдзень па спецыяльна распрацаванай праграме. Прыйсці можа любы жадаючы. Адукацыя, узрост, пол не маюць ніякага значэння. Галоўнае, каб было вялікае жаданне.

Слухачы даведаюцца, як вядзецца падрыхтоўка банкетных залаў, як класічна і нетрадыцыйна афармляюцца вясельныя аўтамабілі, з чаго складаецца асаблівая энергетыка ўсходняга мастацтва экiбаны. Для таго, хто вырашыць працаваць са сваімі матэрыяламі і кветкамі, навучанне будзе куды больш выгодным.

 

– Мы iмкнемся сачыць за навінкамі ў гэтай галіне. У апошні час вельмі папулярнымі становяцца дзіцячыя букеты з выкарыстаннем цацак, ласункаў, сувеніраў, кветкавыя аранжыроўкі з кантраснымі кветкамі. У навакольным свеце людзі так рэдка заўважаюць натуральную, сапраўдную прыродную прыгажосць. І менавіта фларысты дапамагаюць надаць самым звычайным рэчам ні з чым непараўнальныя шарм і эстэтыку.

Фота аўтара