Шапэна трэба граць сэрцам

На пятым адкрытым фартэпіянным конкурсе імя Фрыдэрыка Шапэна сваё майстэрства ў выкананні твораў вялікага кампазітара прадэманстравалі 29 удзельнікаў з Беларусі, Польшчы і Расіі ва ўзросце ад 11 да 19 гадоў.

 

Па-за конкурсам былі арганізаваныя выступы лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ігара Алоўнікава, Аляксея Пятрова, Юліі Кацюбан, Дмітрыя Людкова.

 

Перамаглі ў конкурсе маладыя Гродзенскія музыкі Вікторыя Бескіна, Дар’я Сянчыла і Лізавета Заўялава, якім акрамя дыпломаў уручылі грашовыя прэміі. Спецыяльны прыз «Надзея» журы прызначыла 11-гадовай масквічцы Галіне Уманскай. Арганізатары засталіся задаволеныя высокім узроўнем сёлетніх удзельнікаў. Дзмітры Людкоў лічыць фартэпіянны конкурс у Гродна асаблівым:

 

– Калі граеш музыку Шапэна, гэта асабліва… Можна граць іншых аўтараў і граць толькі галавой, калі так можна сказаць. У той час як Шапэн патрабуе ігры душой, усёй сваёй фізічнай істотай. Таму такія канцэрты вельмі дарагія для любога выканаўцы. Таму чым цікавы і складаны V гродзенскі конкурс Шапэна? Тут трэба быць аголеным, разумееце?.. Агаліць на сцэне душу. З дапамогай музыкі Шапэна адразу бачыш, што з сябе ўяўляе чалавек.

 

На думку Ігара Алоўнікава, класіка мае вельмі моцны ўплыў на чалавека:

 

– Музыка класічная, акадэмічная – гэта тое высокае і тое святое, што будзе заўсёды. Гэта такая дадзенасць, як неба, зямля, паветра.

 

– Калі хоць раз у жыцці чалавек паслухае такую музыку, то ён зменіцца назаўсёды. Таму такая музыка неабходная, – дадае Дзмітры Людкоў.

 

Ігар Алоўнікаў лічыць, што лепей быць музыкантам і паэтам у адным абліччы:

 

– На жаль, сучасная тэндэнцыя выканання на раялі пераўтвараецца ў нейкую фізічную з’яву, то бок, націсканне клавішаў. Я ўжо не кажу пра паэзію – там проста няма эмацыйнага напаўнення, а ёсць мускулатура, вялікія гучнасці, хуткасці.

Ілюстрацыя: карціна Генрыха Семірадскага «Шапэн у салоне князя Антона Радзівіла ў Берліне ў 1829 годзе»