Андрэй Пачобут атрымаў вырак за ўдзел у акцыі 19 снежня

|

Суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску.

 

Як паведаміў Андрэй Пачобут, вечарам 12 студзеня ў яго кватэры ў Гродне прайшоў вобыск, пасля чаго яго даставілі ў гродзенскае аддзяленне КДБ, дзе дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай па факце масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года.

 

Пасля гэтага мяне пасадзілі ў машыну, дзе ўжо знаходзіліся пяць чалавек у цывільным. Мяне прывезлі ў Мінск, ва УУС Кастрычніцкага раёна, дзе я да раніцы сядзеў у “ленінскім пакоі”. Потым мяне даставілі ў суд, – сказаў Пачобут.

 

Як зазначыў журналіст, свой прыговор ён лічыць несправядлівым і мае намер яго абскардзіць:

 

Суд адхіліў мае хадайніцтвы аб праглядзе відэаматэрыялаў, якія б пацвердзілі, што ў мяне на адзенні вісеў журналісцкі бэдж, і пра допыт сведак з майго боку. Сведкамі выступілі толькі два супрацоўнікі міліцыі, якіх я ўпершыню бачыў. У пратаколе майго затрымання быў указаны час затрымання – 21.45. Хаця шкло ў Доме ўрада пачалі біць прыкладна ў 22.15 праз паўгадзіны пасля майго нібыта “затрымання”, – зазначыў Пачобут.

 

Апрача таго, ён заявіў, што “ніколі не хаваўся за журналісцкае пасведчанне”.

 

Калі я бяру ўдзел у акцыі, я гэта прызнаю. Я ўдзельнічаў у многіх акцыях, арганізаваных Саюзам палякаў на Беларусі, і ніколі не адмаўляў свайго ўдзелу. Але калі я працую як журналіст, то я працую. 19-га я працаваў, – заявіў Пачобут.

 

Тое, што ён быў аштрафаваны, а не прыгавораны да больш жорсткага пакарання, адміністрацыйнага арышту, Пачобут звязвае з міжнароднай рэакцыяй на падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску:

 

Асабліва гэта тычыцца дастаткова жорсткай пазіцыі, занятай Польшчай. За маім працэсам сачылі два консулы. І ў такой сітуацыі пасадзіць мяне, як чалавека, які піша для Gazety Wyborczej, было бы ужо зусім неабачліва, – мяркуе Пачобут.

 

Пра абставіны затрымання можна прачытаць на блогу Андрэя Пачобута.

Паводле БелаПАН