Гарадзенскі бізнес: дырэктыва нікога ні да чаго не абавязвае
31 снежня кіраўнік дзяржавы падпісаў Дырэктыву №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.
Дырэктыва абавязала дзяржаўныя органы ў 3-месячны тэрмін прыняць меры, накіраваныя на спрыянне разняволенню дзелавой ініцыятывы прадпрымальніцтва і стварэнню спрыяльных умоў для яго далейшага ўстойлівага развіцця.
>
Ужо ў першым пункце Дырэктыва абяцае беларускаму бізнесу добрасумленную канкурэнцыю, неўмяшанне дзяржаўных органаў у працэсы цэнаўтварэння, увядзенне электроннай дзяржаўнай рэгістрацыі, адмены абмежавання надбавак і абавязковага складання калькуляцый на тавары, работы і паслугі.
Яўген – дырэктар аднаго з гарадзенскіх прыватных будаўнічых прадпрыемстваў:
«Усе асновы, якія там ёсць, майго бізнесу мала датычаць. Я ўжо ўжываю спрошчаную сістэму падаткаабкладання (ССП). У мяне таварыства з абмежаванай адказнасцю, пытанні канфіскацыі тычацца больш унітарных прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Мы адказваем толькі субсідыярна сваімі ўкладамі. Па коштах ўсё вельмі абагульненае. Дырэктыва нікога ні да чаго не абавязвае. Лібералізацыі коштаў я чакаю даўно, у будаўніцтве працэс коштаўтварэння працэдура даволі заблытаная і складаная. Таму патрэбныя канкрэтныя пастановы канкрэтных міністэрстваў. Змены – гэта добра, калі яны будуць увасоблены ў жыццё».
Далей дырэктыва закранае пытанні абароны, развіцця і гарантый правоў прыватнай уласнасці: выключаецца прыняццё нарматыўных актаў, якія прадугледжваюць канфіскацыю маёмасці пры здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў, гарантуецца забеспячэнне спрошчанага парадку прадастаўлення прадпрымальнікам зямельных участкаў і льготы па зямельнаму падатку для інвестараў у прыдарожны сэрвіс.
У дакуменце паведамляецца аб скарачэнні колькасці адміністрацыйных працэдур і бар’ераў, прызнанні ў Беларусі сертыфікатаў адпаведнасці, выдадзеных у краінах – удзельніцах Мытнага саюза і краінах, з якімі заключаны адпаведныя міжнародныя дагаворы.
Дзяніс – гарадзенскі прадпрымальнік, які займаецца аптовым гандлем:
«Праз 3 дні пасля выхаду дырэктывы я атрымаў штраф 370000 бел. руб. за тое, што не своечасова здаў адну падатковую дэкларацыю. На дырэктыву ў падатковай інспекцыі нават увагі не звярнулі.
Возьмем тую ж сертыфікацыю. Працэдура прызнання расійскіх сертыфікатаў у мяне ідзе ўжо з 2008 года, таму нічога новага для мяне гэта не дало. Гэта чарговыя абяцанні ўлады – можа яна захоча падумаць аб гэтых пытаннях.
Што тычыцца пытанняў канфіскацыі маёмасці – пасля выхаду дырэктывы мне стала страшна за свой бізнэс. У святле апошніх падзей на ЗАТ «Пінскдрэў» я задумаўся аб пераносе яго ў Літву ці Польшчу. Як па мне, гэта лішняя паперка, якая нікому нічога не дае».
Што тычыцца падатковай сістэмы, яе плануецца гарманізаваць з дзеючымі міжнароднымі стандартамі: знізіць падатковы цяжар, скараціць фінансавую і бухгалтарскую справаздачнасць, зрабіць паслабленні ў вядзенні ўліку прадпрыемствам, якія карыстаюцца ССП. Прапануецца таксама зменшыць колькасць першасных дакументаў і рэквізітаў ў іх, адмяніць патрабаванні па абавязковай здачы выручкі ў банк і ўзгадненні лімітаў астатку ў касе.
Дзмітрый – дырэктар гарадзенскай фірмы, якая працуе ў рознічным гандлі:
«Дырэктыва – гэта звод абяцанняў, а не дакумент з прамым выкананнем. Калі яна будзе падмацавана нарматыўнай базай, тады і варта пачынаць казаць аб лібералізацыі эканомікі.
Зараз у рознічным гандлі столь валавой выручкі для выкарыстання ССП без падатка на дабаўленую вартасць (ПДВ) – 1,177 млрд. руб. Гэта для нас мяжа.
Пакуль гэтае пытанне стаіць вельмі востра – пры падыходзе да гэтай лічбы мы задумваемся аб драбненні бізнесу, чым аб пераходзе на агульны парадак падаткаабкладання або выкарыстанні ССП з падаткам на дададзеную вартасць (ПДВ). Бо гэта аўтаматычна азначае рост унутранага дакументазвароту і падатковай нагрузкі. Калі з 2011 года будзе заканадаўча замацавана мяжа валавой выручкі 12 млрд. рублёў, гэта спрыяльна адаб’ецца на вядзенні бізнесу».
Прыемнай навіной для прадпрымальнікаў стала і закранутае пытанне аб наданні дзейнасці кантралюючых органаў папераджальнага характару. Частату планавых праверак добрасумленных плацельшчыкаў мяркуецца знізіць да аднаго раза ў 5 гадоў.
Прапануецца перагледзець існуючую сістэму адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за правапарушэнні ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, забяспечыўшы суразмернасць адказнасці характару правапарушэння і ступені прычыненай шкоды, а таксама выключыць адказнасць за адміністрацыйныя правапарушэнні, не звязаныя з атрыманнем выгоды.
Змены закрануць і рынак працы. Галоўнай станоўчай навіной з’явілася тое, што запланавана наданне адзінай тарыфнай сеткі рэкамендацыйнага характару, што значна пашырыць правы наймальнікаў у пытаннях ўстанаўлення гнуткіх ўмоў аплаты працы, максімальна ўлічваючы выніковасць ўкладу кожнага работніка.
У пытаннях прававога забеспячэння кіраўніком дзяржавы абяцана адназначнае прававое рэгуляванне і стабільнасць заканадаўства. У выпадку невыразнасці заканадаўчых актаў суды павінны прымаць рашэнні на карысць суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці.
Пры прыняцці нарматыўных прававых актаў, дата ўступлення іх у сілу будзе ўсталёўвацца зыходзячы з разумных тэрмінаў, але не ранней, чым праз тры месяцы з дня афіцыйнага апублікавання. Таксама выключаецца наданне актам, якія рэгулююць прадпрымальніцкую дзейнасць, зваротнай сілы, за выключэннем актаў, якія паляпшаюць ўмовы такой дзейнасці.
Павел – індывідуальны прадпрымальнік, які працуе ў гарадзенскай сферы паслуг:
«Дырэктыва настрой падымае, але вялікай практычнай карысці на дадзены момант не бачу. Адчую вынік толькі пасля яе выканання, калі гэта прывядзе да дэклараванай ў ёй актывізацыі бізнес-асяроддзя.
Думаю, што выкананне дырэктывы абрасце складаным механізмам з выключэннямі, якія паменшаць яе эфект. Асноўная карысць для мяне, як для прадпрымальніка, была б у дазволе працаўладкоўваць да сябе наёмных асоб. Гэта для індывідуальных прадпрымальнікаў важней ўсіх пунктаў дырэктывы разам узятых. Яна сама без механізму выканання – занадта мала важыць як фактар сярод усіх фактараў, якія ўплываюць на бізнес-клімат у нашай краіне.
Для прыватнага сектара эканомікі дырэктыва нясе толькі магчымы будучы эфект. На маю думку, у рамках росту беларускай эканомікі рэвалюцыі і эканамічнага рыўка не будзе. Магчыма, толькі ўпадуць продажы паперы для офіснай тэхнікі, бо зараз трэба будзе менш паперак афармляць».
Механізм выканання дырэктывы павінен падкрэсліць, што развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы – гэта раз і назаўсёды. У дакуменце ёсць указанне ўсім вертыкалям улады, каб усе адміністрацыйныя бар’еры для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці павінны былі ліквідаваныя па максімуме.
Ужо да пачатку красавіка ўся бізнес-супольнасць чакае распрацаванага плана рэалізацыі палажэнняў дзеючай дырэктывы з паведамленнем выканаўцаў і тэрмінаў выканання. Пасля гэтага адбудзецца падрыхтоўка нарматыўнай базы, прывядзенне дзеючага заканадаўства ў належны па правілах дырэктывы выгляд.
Можна толькі здагадвацца, колькі часу зойме працэс ўвасаблення гэтага стратэгічнага для прадпрымальніцтва плана ў жыццё.
Аднак кожны беларускі бізнесмэн хоча верыць, што канкрэтна для яго ў найбліжэйшай будучыні гэта ўсё не стане першакрасавіцкім жартам.