5 дзён – не мала і не ціха
Гледзячы на фатаграфіі адчайных лыжнікаў і сноўбардыстаў, на малюнкі з калядным цэнтрам Кракава, вельмі цяжка стрымацца і не паспрабаваць стаць на нейкі час такім жа вар’ятам-гоншчыкам ці проста падарожнікам ў казачную краіну Татраў.
Аўтобус з турыстамі, у ліку якіх была і я, выехаў у панядзелак вечарам з Кузніцы і ўжо раніцай у аўторак быў на падгальскай зямлі.
Мы накіроўваліся ў Малэ Ціхэ – адно з самых маленькіх мястэчак на Падгаллі. У перакладзе з польскай – гэта «Малое Ціхае», але як казаў кіраўнік нашай групы: «Не такое яно ўжо і малое і не такое ўжо і ціхае».
Размясціліся мы ў цэнтры вёскі, у даволі вялікім катэджы гатэльнага тыпу. Кошт аднаго дня пражывання склаў 50 злотых разам з сняданкам і вячэрай. Курс польскага злотага – прыкладна 1 zl за 1000 бел. руб., таму лёгка было сувымяраць ўсё выдаткі з аналагічнымі на іншых гарналыжных курортах.
У першы дзень я адправілася вывучаць мясцовыя славутасці і размяшчэнне пад’ёмнікаў. Раніцай на трасах людзей няшмат – усё выбіраюцца катацца пасля абеду з-за моцных ранішніх маразоў.
Прыгажосць заснежаных схілаў зачаравала мяне з першага погляду. Тыя звыклыя для майго позірку гарадскія ландшафты змяніліся на казачныя драўляныя домікі, ахутаныя ў снег ёлкі і конныя фурманкі з рамізнікамi ў нацыянальных касцюмах.
Гуралы – мясцовыя жыхары Падгалля – ўмелыя рамеснікі, таму можна было ўбачыць мноства прыватных лавачак з вырабамі ручной працы.
Пасля знаёмства з вёскай я адправілася за сноўтбордам і чаравікамі. Правёўшы невялікае даследаванне магу сказаць, што арэнда лыжаў або сноутборда з абуткам на 24 гадзіны ў Малых Ціхіх абыйдзецца ў 8-10 у.а., інструктар на 1 гадзіну – 13-18 у.а. Гэта ў параўнанні з коштамі ў суседняй Украіне на 10-20% танней.
Накатаўшыся ўдосталь і добра прытаміўшыся, мы адправіліся ў мясцовую карчму спрабаваць стравы нацыянальнай кухні. Вельмі папулярным у гуралаў з’яўляецца смажаны казіны сыр – «ашчыпек», які падаецца з журавінавым варэннем.
Тут рэдка хто заказвае халоднае піва. Афіцыянты прапануюць паспрабаваць піва гарачым з імбіром, гваздзіком, малінавым сіропам ці гарачае чырвонае віно.
Інтэр’еры многіх подхальскіх рэстаранаў выкананы ў нацыянальным абрадавым стылі – шмат старадаўніх прадметаў побыту і шкур жывёл. Мясцовыя музыкі ў вопратцы з воўны сваёй гульнёй на гармоніку напаўнялі атмасферу асаблівым каларытам.
Вёска Малэ Ціхэ акружаная лесам і знаходзіцца побач з Taтранскiм Нацыянальным Паркам. Нам удалося пабываць і там.
У парку шмат турысцкіх маршрутаў, у час падарожжа па якіх можна пазнаёміцца з горнымі азёрамі, далінамі, вадаспадамі і пячорамі.
Тут больш за 270 км пешаходных маршрутаў, таму мясцовыя жыхары прапануюць праехацца па шляху на кулiгах – адкрытых конных павозках, ахінуўшыся ў шкуры звяроў. Калі паездка праходзіць ўвечары, можна набыць паходні ўсяго за 3-4 злотых за адну.
У адзін з дзён нам прапанавалі адправіцца на Русiнову паляну – знакамітае месца, адкуль адкрываецца незабыўны від на польскія Татры.
Па дарозе наверх сярод заснежанага лесу вельмі часта можна ўбачыць папярэджанні пра медзвядзёў. Татранiст (так тут завуць людзей, якія скараюць мясцовыя горы), якi сустрэўся нам па дарозе, распавёў, што часцяком вясной і летам бачыў іх у гэтых месцах, але, на шчасце, мясцовыя мядзведзі адрозніваюцца вельмі спакойным норавам.
На зваротным шляху ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Татр мясцовыя святары пачаставалі нас гарачай гарбатай. Гэтая Святая апякуецца ўсімi мясцовымі альпіністамi і гарналыжнiкамi.
На тэрыторыі санктуарыя ёсць звычай размяшчаць мемарыяльныя дошкі ў гонар загінулых ці зніклых у гарах татранiстаў. Родныя і сябры, а таксама звычайныя людзі прыходзяць сюды памаліцца за сваіх аднадумцаў і калегаў.
Мая турыстычная скарбонка папоўнілася і візітам у Закапанэ, які, на думку палякаў, з’яўляецца самым модным польскім зімовым курортам. Галоўная пешаходная вуліца Крупуўка ўпіраецца ў губалуўскi фунікулёр, на якім можна падняцца на вяршыню аднаго з самых высокіх Закапанскіх лыжных спускаў.
Тут вельмі шмат рэстаранаў на адкрытым паветры, у якіх прапаноўваюць дзівосна прыгатаваныя мясныя стравы. Дарэчы, у сілу мясцовых традыцый і кліматычных умоў мясцовыя жыхары ядуць вельмі шмат мяса. У меню любога рэстарана яго прапанавана ў некалькі разоў больш, чым дэсертаў.
Пасля Новага Года ў Польшчы пачаўся сезон распродажаў, таму крамы Крупуўкi запоўненыя натоўпамі турыстаў. Тут можна купіць сувеніры, ёлачныя ўпрыгожанні, біжутэрыю, шалікі і шапкі ручной працы. Каля шматлікіх магазінаў стаяць калядныя елкі, люмінесцэнтныя анёлы, пераапрануты Санта Клаўс з жывымі аленямі, які прапануе сфатаграфавацца за сімвалічную плату.
Усё 4 днi ў Падгаллі трымалася сонечнае, дзівоснае надвор’е. У дзень ад’езду ў Кракаў пачалася адліга і я была вельмі шчаслівая, што мне ўдалося ўсе гэтыя дні катацца на сноўбордзе, што, скажу я вам, вельмі і вельмі для пачаткоўца няпроста.
Імглістай ранняй суботняй раніцай нас прывезлі ў культурную сталіцу Польшчы. Як распавёў гід, з гісторыяй Кракава звязаныя прыгожыя легенды аб заснавальніку горада князю Краку, аб страшным цмоку, мудрагеліста пераможаным недалёка ад сваёй пячоры ля падножжа Вавельскага ўзгорка.
Галоўная рэзідэнцыя польскіх каралёў запомнілася мне сваёй найбуйнейшай рынкавай плошчай у Еўропе; гарадскімі вуліцамі, размешчанымі ў шахматным парадку; Вавельскім кафедральным саборам – месцам каранацыі польскіх каралёў; Ягелонскім універсітэтам, у якім вучыўся Мікалай Капернік.
Пасля пешай прагулкі мы абедалі ў адным з маленькіх рэстаранчыкаў у цэнтры горада. Дзівосная атмасфера зацягвала нейкай своеасаблівай магічнай сілай, і нам зусім не хацелася адтуль выходзіць.
У цэнтры на гарадской плошчы знаходзіцца ратуша – рэзідэнцыя гарадскіх уладаў, суконныя шэрагі і мноства мяшчанскіх дамоў. Тут у маленькай індыйскай краме я змагла купіць калядныя падарункі сваім родным.
У нядзелю наш аўтобус быў ужо ў Гароднi, а я яшчэ цэлыя 2 днi не магла прыйсці ў сябе. Ці то ад таго, што скончылася маё незвычайнае зімовае падарожжа, ці то ад таго, што пачаліся звычайныя працоўныя дні.
Фота аўтара