Купалаўскі ўніверсітэт пачаў адлічваць за падзеі 19 снежня?
Цягам месяца Барыс Захарчук двойчы выклікаўся на допыт ва ўпраўленне камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гродзенскай вобласці. Апроч таго, на кватэры, дзе ён пражывае, супрацоўнікі КДБ ажыццявілі ператрус і канфіскавалі сістэмны блок кампутара. Сваё адлічэнне з універсітэта і пераслед з боку спецслужбаў юнак звязвае з тым, што прымаў удзел у акцыі 19 снежня:
– У мяне такога ніколі не было, каб я не здаў тры іспыты: неяк усё рэзка пайшло на спад, я лічу, што гэта не проста так, – усё узаемазвязана.
Пад пагрозай адлічэння знаходзіцца і студэнт другога курса фізіка-тэхнічнага факультэта Яўген Бусько, які адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня. Падчас апошняй сесіі ён не здаў 2 іспыты і лічыць, што захады адміністрацыі накіраваныя на тое, каб выключыць яго з навучальнай установы:
– Калі я прыехаў, усе выкладчыкі ўжо глядзелі можа не як на ворага народа, але неяк дзіўна. Было бачна, што яны выконваюць загад, які паступіў. Потым праз сваіх сяброў я даведаўся, што мае дакументы ляжалі у рэктараце ўжо 20 снежня.