У чаканні кітайскай грэчкі
Адказваючы на пытанне Радыё Свабода, чаму гэтак падаражэлі ў Беларусі прадукты харчавання, асабліва грэчка, эксперт у вобласці сферы сельскай гаспадаркі, актывіст руху “За Свабоду” Андрэй Юркоў выказаў меркаванне, што ў краіне надаецца зашмат увагі вырошчванню збожжа, якое атрымліваецца няякасным у пагоні за колькасцю.
Калгасы не зацікаўленыя вырошчваць грэчку, таму Беларусь набывае яе ў суседзяў па высокіх коштах, у выніку неўраджаю ў Расіі – па вельмі высокіх коштах. Сёння 900-грамовы пакет экспартнай грэчкі каштуе ад 8900 да 16900 тысяч рублёў за кілаграм. Свая грэчка, якую ў Беларусі пастаўляюць “Гомельхлебапрадукт” і “Скідзельаграпрадукт”, таннейшая – у лютым кошты на яе складаюць ад 5670 да 7790 рублёў у залежнасці ад гатунку, падае Мінэканомікі.
Аб’ёмы ўласнай грэчкі могуць пакрыць толькі трэцюю частку патрэбаў краіны ў крупе. На паліцы крамаў свая грэчка не трапляе – яе размяркоўваюць па школах, садках, шпіталях і іншых сацыяльных установах. Да канца лютага чакаецца пастаўка грэчкі з Кітая, рознічныя кошты на якую чакаюцца на ўзроўні 11-12 тысяч рублёў за кілаграм.
Мінэканомікі кажа, што сёлета пасеюць грэчкі больш і калі збяруць новы ўраджай, то кошты на грэчку зробяцца звычайнымі – каля даляра за кілаграм замест сённяшніх чатырох.