Узнаўленне Лідскага замка ў традыцыях “беларускай” рэстаўрацыі?
Навуковымі працамі кіруе Наталля Баранец, праектна-сметную дакументацыю падрыхтаваў “Мінскпраект”. Як адзначае навуковы кіраўнік, графічныя відарысы Лідскага замка вельмі сціплыя, пацвердзіць іх дакументальна практычна немагчыма. Першапачаткова архітэктары выкарыстоўвалі гравюры Напалеона Орды, якія, як высветлілася, не поўнасцю супадаюць з вынікамі археалагічных раскопак. Таму галоўным арыенцірам для спецыялістаў з’яўляюцца гравюры старога Гродна і археалагічныя раскопкі, дзякуючы якім складаецца ўражанне пра ўнутраную планіроўку замка і фрагменты вежаў, архітэктурныя, канструкцыйныя і мастацкія асаблівасці, паведамляе region.grodno.by.
– Гравюры Гродна не могуць дапамагчы ўзнавіць карціну замка ХІV стагоддзя, бо самыя старыя гравюры з выявамі Гродна, якія захаваліся, датаваныя ХVІ стагоддзем, – кажа гісторык Алесь Краўцэвіч.
Пра немагчымасць аднаўлення інтэр’ераў Лідскага замка ХІV стагоддзя кажа таксама археолаг Алег Трусаў:
– Гістарычных дакументаў, інвентароў XV-XVI стагоддзя папросту няма, па якіх можна было б узнаўляць гэтыя інтэр’еры. Прынамсі з пункту гледжання падпісаных Беларуссю дакументаў у сістэме ЮНЕСКА. Гэта будзе проста ненавукова.
Пра тое, што Лідскі замак ХІV стагоддзя не меў шматлікіх мастацкіх элементаў у інтэр’ерах, бо выконваў хутчэй абарончую функцыю, звяртае ўвагу экскурсавод Ігар Лапеха:
– Рабіць стылізацыю пад ХІV стагоддзе не варта. У адбудаванай ў 80-х гадах ХХ стагоддзя замкавай вежы з бетоннымі перакрыццямі, якія не супадаюць з ярусамі паверхаў замка, сучасны інтэр’ер музейнай выставы ў прынцыпе абгрунтаваны – наведнікі разумеюць, што гэта свайго кшталту капсула для інфармацыі, якую накапалі археолагі.
– Мастацкія элементы, якія могуць быць прадметамі для спрэчкі, у ХІV стагоддзі амаль адсутнічалі, адпаведна, і не захаваліся. Гэта быў вайсковы аб’ект, які не прадугледжваў раскошы. А павесіць тут скуры мядзведзяў і рогі ласёў, робячы з музея тэатральную сцэну, ну напэўна можна было б, але гэта ўжо будзе не музей, – дадае Ігар Лапеха.
alt=”Image 13707″ >
Пазнаёміцца з падрабязным планам рэканструкцыі Лідскага замка можна па спасылцы тут.