“Клуб Вясёлых і Знаходлівых – гэта не “развлекуха”

|

З гэтага года ў гарадзенскіх каманд з’явілася рэальная перспектыва развіцця ў міжнароднай структуры КВЗ-руху.

Пра глабальныя перамены ў асяроддзі вясёлых ды кемлівых беларусаў распавядае дырэктар Гарадзенскай лігі КВЗ Віктар Косараў.

Па яго словах, няпростая гісторыя з ігнараваннем «беларускага гумару» пачалася яшчэ ў 2008 годзе. Аляксандр Маслякоў і яго беларускі калега «па цэху» Андрэй Мукавозчык, мякка кажучы, пасварыліся на Сочынскім фестывалі 3 гады таму.

Спадары гумарысты не падзялілі сферу ўплыву на беларускай тэрыторыі. На той момант нацыянальная судовая сістэма прызнала правату дырэктара «Беларускага КВЗ», на што прэзідэнт расейскага таварыства «АМіК» закрыў доступ да ўдзелу беларускім камандам ва ўсіх лігах пад зарэгістраваным знакам Міжнароднага Саюза «КВЗ».

Пасля таго, як шляхі «АМіКа» і «Беларускага КВЗ» разышліся, Маслякоў адкрыў у Беларусі Першую лігу МС КВЗ і лігу “Палессе”. Андрэй Мукавозчык паралельна праводзіў гульні ў Еўралізе Беларускага КВЗ. Яна на той час стала вяршыняй для беларускіх КВЗ-шнікаў, якія ў ёй удзельнічалі.

У выніку ў 2008 годзе аніводная беларуская каманда ў Сочы не патрапіла ў павышаны рэйтынг ні ў адну лігу Міжнароднага Саюза КВЗ.

У канцы 2010 года Мукавозчык пакінуў дырэктарскую пасаду і для Беларускага КВЗ пачалася адліга. Крызісным кіраўніком аб’яднання “Беларускі КВЗ» быў абраны Сяргей Сярбун, які і пачаў весці перамовы з «АМіК-ам». Да перамоваў падключылася Міністэрства адукацыі Беларусі. У выніку 12 лютага аб’яднаннем «Студыя КВЗ праектаў» упершыню за доўгі час у Мінску быў праведзены Адкрыты Агульнабеларускі Фестываль каманд КВЗ.

«Раней пераможцу Гарадзенскай лігі мы давалі на выбар квіток у КВЗ да Мукавозчыка або Маслякова. Аднак толькі ўдзельнікі «амікаўскіх» ліг траплялі на фестываль у Сочы.


Цяпер, калі дасягнута паразуменне, мы выразна можам бачыць, куды рухацца далей» – кажа Віктар.


– У нашай лізе мы стараемся заўсёды ўносіць нешта новае, эксперыментаваць. Напрыклад, праводзім размінку з малюнкамі і відэа, робім конкурсы з агучваннем, выкарыстоўваем дадатковых вядучых.

Таксама я задумваюся над кардынальнай зменай складу журы. З цяперашняга складу думаю пакінуць 2 чалавек. Ёсць думка дадаць у журы чалавека з тэатра, каб можна было ацаніць акцёрскае майстэрства гульцоў».


Цяпер у Беларусі ў КВЗ выбудавалася такая структура: Першыя (Абласныя) лігі КВЗ – Вышэйшая ліга (Чэмпіянат Беларусі), Міжрэгіянальная ліга КВЗ “Палессе” – Першая ліга Міжнароднага Саюза КВЗ.

Новы сезон гульняў Гарадзенскай лігі пачынаецца 20 сакавіка.

Кошт за квіток застанецца ў ранейшым дыяпазоне – ад 5 да 10 тыс. рублёў. Гэта ніжняя планка, каб не сысці “ў мінус”.

КВЗ у Гродна пазіцыянуецца як сацыяльны праект і вучэбная ліга, для таго, каб даць магчымасць новым маладым камандам гуляць бясплатна.

«У Гарадзенскай лігі ёсць шэраг пераваг – у нас, у адрозненні ад Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай вабл. няма гульнявых складак. Апроч таго ў нас добрыя прызы. За наш кошт пераможцу сезону аплачваецца паездка на агульнабеларускі фестываль у Мінск».


У Гарадзенскую лігу пастаянна прыязджаюць новыя каманды з іншых гарадоў – з Пінска, Ліды, Глыбокага, Мінска, Магілёва.

Сёлета заяўкі на ўдзел у гэтым сезоне лігі ўжо падалі заявы 6 новых камандаў.

«Мне, як дырэктару Гарадзенскай лігі КВЗ, не падабаецца стэрэатып маладых КВЗ-шнікаў аб тым, што КВЗ – гэтаразвлекуха, а не скурпулёзная, адказная праца.


За ўсю гісторыю Гродзенскага КВЗ я выгнаў з лігі ўсяго адну каманду. Яны прайшлі на наступны этап, а на заўтра з’явіліся ў зале ў нецвярозым выглядзе і паводзілі сябе вельмі некарэктна.


Пасля гэтага я забараніў ім уваход на ўсе гульні ў любой якасці. Яны ўпарта прыязджалі на ўсе наступныя гульні, але іх не пускалі ў залю. Я не адыходзіў ад свайго рашэння вельмі доўгі час, аднак потым вырашыў даць ім шанец. Як паказаў час, для іх гэта быў добры ўрок – праз 4 гады яны сталі чэмпіёнамі лігі».


У гэтым сезоне Гарадзенскі КВЗ плануе супрацоўнічаць з тэлеканалам «Гродна плюс».

–          Па тэхнічных прычынах рабіць гэта пакуль не атрымлівалася. Зараз вядзем перамовы з тэлеканалам. Аднак у нас быў непрыемны досвед працы з гарадзенскімі тэлеканаламі. Пакуль у нашага тэлебачання кульгае ўзровень культуры. Бывала, што мы на 15-20 хвілін затрымлівалі пачатак з-за таго, што тэлевізійшчыкі папросту спазняліся на гульні».

 

У 2011 годзе ў планах у Віктара запрасіць у Гродна з канцэртамі 2 расійскія КВЗ-скія каманды. Адна з іх «Трыёд і Дыёд». Назву другой пакуль трымаюць у сакрэце.

У Расіі для выхадцаў з КВЗ адкрываюцца вялікія перспектывы. Наша RUSSIA, Comedy Club – гэта ўсё мадэрнізаваны КВЗ.


З-за гэтага яго класічная форма становіцца менш папулярнай.

Некаторыя былыя расейскія гульцы пішуць жарты для тэле-шоў і для дзеючых камандаў і толькі за кошт гэтага жывуць.


За адзін удалы жарт у Расіі можна атрымаць да 150 у.а.


Для беларускіх КВЗ-шнікаў на сённяшні дзень такая сітуацыя недасяжная, бо  за мяжой Клуб Вясёлых і Знаходлівых даўным-даўно «не развлекуха», а вельмі і вельмі прыбытковы бізнэс.