На птушніку задыхнуліся куры
Учора супрацоўнікі гродзенскага МНС атрымалі сігнал, што ўзнік пажар у будынку птушніка на тэрыторыі прадпрыемства “Скідзельаграпрадукт” Гродзенскага раёна.
Усяго там знаходзіцца 32 будынкі, дзе ўтрымліваюць 200 тысяч курэй. Работнікі звярнулі ўвагу на збой у электрасетцы. Пры абходзе тэрыторыі ўбачылі, як гараць у адным з будынкаў падсціл з апілкаў, драўляныя канструкцыі насцілаў і агароджаў. Работнікі спачатку самі спрабавалі тушыць агонь, а пасля таго, як прыехала кіраўніцтва птушніка, выклікалі МНС.
Да птушніка скіравалася 10 адзінак пажарнай тэхнікі. Выратавальнікі патушылі пажар і не дазволілі пашкодзіць будынак. Але з-за моцнага дыму задыхнуліся 1670 кур-нясушак ва ўзросце да году. Папярэдне шкода ацэньваецца ў 8 мільёнаў рублёў. Супрацоўнікі МНС мяркуюць, што калі б персанал птушніка пазваніў раней у службу “101”, матэрыяльныя страты маглі б быць ніжэйшымі. Загінулых птушак адправяць на перапрацоўку.
Сярод магчымых прачын узнікнення пажару разглядаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём і падпал.
Паводле інф. mchs.grodno.by