Сонечныя барды: “На земле быть добру!”
Сонечные барды наведалі Беларусь у межах 33-го Міжнароднага перасоўнага фестывалю пазітыўнай творчасці “Караван Кахання”, які ладзіцца з 2003 года.
Сонечныя барды – гэта не назва аднаго музычнага калектыву.
Некалькі разоў у год групкі аўтараў песен, танцораў з розных частак СНД адкладаюць у бок будзённыя справы, абіраюць маршрут і – рухаюцца разам ў творчую вандроўку.
Нехта знаёміцца праз інтэрнэт, нехта ў дарозе, але ўсіх удзельнікаў Каравана Кахання аб’ядноўвае адна мэта – праз творчасць дарыць слухачам дабро і несці ідэі пазітыўнага ладу жыцця.
Удзельнікі Каравана Кахання спяваюць аўтарскія песні, выконваюць народныя танцы. Некаторыя калектывы здзіўляюць гледача светавым шоў.
На большасць канцэртаў фестывалю “Караван Кахання” уваход вольны, каб любы чалавек меў магчымасць на яго трапіць.
Ахвотныя фінансава падтрымаць выканаўцаў кідаюць адвольную суму ў спецыяльную скарбоначку. Гэтыя грошы ідуць на ежу і дарогу да наступнага слухача. Але ў тым выпадку, калі арганізатарам неабходна аплаціць арэнду залі – прадугледжаны недарагія квіткі.
У пачатку 2011 года Караван Сонечных бардаў складаўся з дзвюх зборных калектываў: “Высекая мосты” і “УРА!”.
Шлях Каравана “Высекая мосты”, у склад якога ўваходзіць беларускі фольк-гурт “Хорціца”, сёлета ляжаў на Усход, у Расію.
А з Усходу да нас прыехаў Караван “УРА!”.
У Гродне Караван “УРА!” зладзіў некалькі выступаў: у сацыяльным прытулку, на “кватэрніках” і ў канцэртнай залі.
Пра тое, чым запомніўся Гродна, пра сэнс сваёй творчасці ўдзельнікі Каравана распавялі карэспандэнту “Твайго стылю” па дарозе на вакзал.
– Назва вашага Каравана нагадвае заклік піанера. Які сэнс у яго ўкладаеце вы?
Раман Сакалоў (г.Чалябінск): “УРА!” – гэта жыццясцвярджэнне, набліжанае да стваральнай сонечнай энергетыкі. Наш Караван названы “УРА!”, каб падкрэсліць сонечны, адкрыты і РАдасны характар нашых мерапрыемстваў.
– Што вас прывяло ў Караван Кахання?
Сцяпан Каралькоў (г. Кемерава): Удзел у караване – гэта магчымасць падзяліцца сваёй пазітыўнай творчасцю. У мяне ёсць песні і іншага плану, але тут я іх не спяваю.
Юлія Мядзведзева (г. Варонеж): Знаходзячыся на сцэне, я хачу натхняць людзей на светлыя пачуцці.
Я думаю, у нейкай ступені з гэтым спраўляюся, бо шмат хто кажа, што нашыя песні выклікаюць у іх пяшчоту, дабро і любоў, імкненне ўдасканальвацца.
align=”left” >Анастасія Ермышава (г. Чайкоўскі, Пермскі край):
Я рэалізую сабе на працы, дзе ствараю святы, але для мяне важна, каб мой каханы чалавек – Сцёпа – меў магчымасць дзяліцца сваёй творчасцю.
І я паехала з ім. Пад час Каравана здзейснілася мая дзіцячая мара – я пачала спяваць.
Калі я спяваю – адчыняецца мой ўнутраны голас, потым адчыняецца маё сэрца.
Я станаўлюся больш шчаслівай і радаснай.
І калі гэта адкрыццё ўва мне адбываецца, я магу даваць людзям энэргію, якая пранікае ў іх сэрцы і заахвочвае іх раскрывацца.
– Калі вы адчулі сабе бардам?
Юлія Мядзведзева: Для многіх людзей слова бард азначае чалавека, які грае і спявае свае песні каля вогнішча.
Для мяне ж Бард – гэта той, хто ідзе па свеце і сваімі светлымі вобразамі натхняе людзей на стварэнне і творчасць. Для мяне гэта вельмі важна.
Таму сябе бардам я пакуль назваць не магу. Але я вучуся ім быць.
– Падчас падарожжа або выступу ці змяняецца нешта ў вас саміх?
Андрэй Ражкоў (г.Санкт-Пецярбург): Караван – гэта вялікая школа жыцця ў паскораным тэмпе.
Рост ідзе кожны дзень, нават калі мы гэтага і не заўважаем. У складзе ўсе ўдзельнікі вельмі розныя, але разам мы складалі дыямант з уласцівымі яму бляскам, трываласцю і прыгажосцю.
Перамены становяцца бачныя пасля сканчэння нашага сяброўскага каравана.
Усведамленне праведзенай працы над самім сабой расцягваецца на нявызначаны час, але тое, што рост ёсць – гэта не абмяркоўваецца, яго проста не можа не быць.
– У адзін з дзён у Гродне вы наведалі сацыяльны прытулак. Як часта вы даеце дабрачынныя канцэрты?
Сцяпан Каралькоў: З дабрачыннымі канцэртамі мы выступаем у кожным горадзе.
Бывае па два ў дзень. Пад час знаходжання ў Віцебску іх было чатыры.
Выступаем у дзіцячых установах, вайсковых частках, у калоніях.
Юлія Мядзведзева: Часта перад канцэртамі ў спецыяльных установах нас пераконваюць, што мала хто захоча нас слухаць, бо там сядзяць агрэсіўныя людзі, часта забойцы.
Але мы заўсёды ўтрымлівалі публіку незалежна ад яе узросту і яе становішча.
– Што асаблівага ў вашых песнях, калі рэпертуар падабаецца як трохгадовым дзецям, так і асацыяльным дарослым?
Юлія Мядзведзева: Адкрытасць і жаданне дарыць любоў. Не важна, як менавіта ты будзеш гэта рабіць.
Самім Жаданнем можна рабіць вялікія справы, якія будуць выклікаць падзяку і несці дабро ўсёй зямлі і сусвету.
– Ці здаралася так, што людзі перахоплівалі ініцыятыву і пачыналі спяваць для вас?
Юлія Мядзведзева: Часта на канцэртах людзі становяцца ў чаргу, каб выступіць.
Здзіўляе і радуе, што сярод іх было шмат падлеткаў і дзяцей.
– Чым для вас запомніцца Гродна?
Анастасія Ермышава: Мне ўспамінаецца дзядок, які свісцеў у пераходзе. Гэта было дзіўна, мы зазіралі яму ў рот, каб разгледзіць нейкі незвычайны інструмент, а ён паказаў лісцік.
Запомніліся добразычлівыя людзі. Калі ў іх пытаеш, як патрапіць кудысьці, яны паказваюць не толькі само месца, але і распавядаюць, што каля яго можна паглядзець.
У мегаполісах людзі занятыя мітуснёй і ім няма калі надаваць адзін аднаму ўвагу.
– З якім пачуццём пакідаеце наш горад?
Юлія Мядзведзева: Звычайна перад дарогай бывае хваляванне. Але цяпер – пачуццё спакою. Можа гэта мёд альбо гарбата з мелісой, якімі нас напаілі пасля канцэрту, так дзейнічаюць:)
Але так ці інакш, я думаю, што гэта выклікана той атмасферай творчасці, у якой мы ўсё знаходзіліся гэтыя дні. Было лёгка.
Пасля Гродна шлях Каравана ляжаў у беларускія Бабруйск і Гомель, а цяпер іх песні гучаць на Украіне.
Фота аўтара