Польскія нацыяналісты выставілі патрабаванні “Белсату”

|

Ці з’яўляецца мэтай тэлеканала «Белсат» дэмакратызацыя Беларусі, стварэнне грамадзянскай супольнасці ў беларускай дзяржаве, азнаямленне грамадзян Беларусі з дэмакратычнымі каштоўнасцямі?“— з такога пытання пачынаецца зварот прадстаўнікоў цэлага шэрагу польскіх грамадскіх арганізацый да кіраўніка Краёвай рады радыё і тэлебачання Яна Дворака.

 

Падпісанты ліста абвінавачваюць “Белсат” у тым, што ён аднабакова паказвае гісторыю і культуру Беларусі, дыскрымінуючы польскую нацыянальную меншасць. У якасці прыклада прыводзіцца экранізацыя “Тутэйшых” Янкі Купалы.

 

За грошы польскіх падаткаплатнікаў і на канале польскага грамадскага тэлебачання, які гладзяць таксама грамадзяне Беларусі палякі, дэманструецца экранізацыя савецкага, сталінскага пісьменніка, які агітуе за далучэнне Беластока да СССР, аўтара вядомага верша, напісанага ў гонар Чырвонай Арміі, якая ўвайшла на тэрыторыю Польшчы 17 верасня 1939 году“, — абураюцца аўтары звароту.

 

На іх думку, ідэя дэмакратыі прадугледжвае плюралізм і разнастайнасць думак, а “Белсат” дэманструе толькі адзін “нацыяналістычны” погляд на гісторыю і культуру Беларусі, абмінаючы польскую спадчыну краіны. Усе перадачы — па-беларуску, а па-польску нічога няма.

 

Ліст у Краёвую раду тэлебачання і радыё падпісала больш за два дзесяткі дзеячоў. Сярод іх пераважна прадстаўнікі ультракансерватыўных колаў — кіраўнікі згуртаванняў каталіцкай інтэлігенцыі, арганізацый, якія займаюцца пытаннямі польскай спадчыны ва Украіне і Беларусі, аўтары кніг і навуковых прац па гісторыі усходніх тэрыторый міжваеннай Польшчы.

 

Акрамя Краёвай рады радыё і тэлебачання, заява з крытыкай “Белсата” накіраваная ў шэраг установаў. Сярод іх Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, а таксама шэраг камісій Сойма і Сената. Колы, з якіх выйшла заява, не маюць у Польшчы вялікага ўплыву, перадае “Наша Ніва”.

 

На просьбу “Твайго Стылю” пракаментаваць сітуацыю прэс-служба канала “Белсат” адказу пакуль не дала.

 

Тым часам на канале з’явілася праграма для польскай меншасці ў Беларусі “Над Нёманам”, якая выходзіць на польскай мове.

 

На думку Анджэя Пісальніка, карэспандэнта газеты “Rzeczpospolita”, выхад гэтай праграмы змякчае сітуацыю:

 

Мяркую, лідэры тых арганізацыяў, якія падпісалі зварот, палічылі, што замала ўвагі надаецца польскай меншасці ў Беларусі, няма праграм на польскай мове. Канал фінансуецца са сродкаў польскага МЗС, і таму такія закіды могуць выглядаць лагічнымі. Зараз сітуацыя змянілася – на “Белсаце” з’явілася праграма для палякаў у Беларусі на польскай мове “Над Нёманам”, таму закіды зараз могуць выглядаць недарэчна. Гэта добры крок з боку канала – адкрыць перадачу для польскай меншасці, магчыма, сам “Белсат” разумеў, што адсутнасць праграмы на польскай мове для польскай меншасці быў пэўным хібам у сетцы, – пракаментаваў сітуацыю “Твайму Стылю” Анджэй Пісальнік.

 

На здымку: застаўка праграмы для польскай меншасці ў Беларусі на канале “Белсат”, kresy.p