Чаму не працавалі банкаўскія карткі

|

Прыкладна з 12.20 да 13.30 карткі не працавалі па ўсёй Беларусі – імі немагчыма было разлічыцца па безнаяўным рахунку, зняць грошы ці правесці іншыя грашова-разліковыя аперацыі, уключаючы ітнэрнет-банкінг.

 

У аддзеле картак “Беларусбанка” па вул. Дзяржынскага паведамілі, што адбыўся збой ва ўсё сістэме, у выніку якога не працуюць карткі ўсіх банкаў. Калі будзе вырашаная тэхнічная праблема, у банку не ведалі – “правяраецца Банкаўскі працэсінгавы цэнтр”.

 

Як паведамляе Іnterfax.bу, Банкаўскі працэсінгавы цэнтр свядома прыпыніў сістэму:

 

Цягам прыкладна гадзіны не абслугоўваліся пластыкавыя карткі ў банкаматах і тэрміналах банкаў, падключаных да працэсінгавага цэнтра. Гэта не было збоем, мы свядома спынілі сістэму для папярэджання магчымых збоеў і затрымак плацяжоў, – паведаміў гендырэктар ААТ “Банкаўскі працэсінгавы цэнтр” Генадзь Зубараў. – Нельга сказаць, што спыненне было раптоўным, але ўсё адбывалася ў адпаведнасці з інструкцыямі. Зараз усё працуе ў штатным рэжыме, – дадаў ён.

 

Разам з тым, праблемы ў крамах зведалі і ўладальнікі пластыкавых картак, выпушчаных банкамі, якія не абслугоўваюцца ў БПЦ.