Акцыя “Стоп бензін-2” у Гродна пад пытаннем

|

Сёлетняя акцыя “Стоп бензін” адбудзецца 14 красавіка – у Мінску і яшчэ як мінімум у 10 гарадах, мяркуюць арганізатары. Як і ў мінулым годзе, спачатку пройдзе флэш-моб, падчас якога кіроўцы будуць блакаваць працу адной з заправак – запраўляцца па 2-3 літры бензіну і расплочвацца дробнымі купюрамі. Плануюцца сёлета і радыкальныя новаўвядзенні – увечары кіроўцы збіраюцца перакрыць цэнтральныя праспекты ва ўсіх гарадах-удзельніках акцыі.

 

Удзел Гродна ў акцыі пратэсту супраць павышэння коштаў на паліва застаецца пад пытаннем. Арганізатары з клубу “АўтаГродна” ладзіць акцыю “Стоп бензін” не будуць:

 

У мінулым годзе мы ўсё зрабілі за сродкі клуба – абвесткі, налепкі, улёткі. У інтэрнеце было шмат размоваў пра тое, што ўсе хочуць далучыцца да акцыі. А калі справа прыйшла да ўдзелу, то ў выніку былі толькі машыны нашага клубу – з іншых прыехала толькі 4 аўтамабілі. То бок не было ніякай практычнай падтрымкі – кіроўцы нават налепкі акцыі не хацелі браць. Калі апублікавалі справаздачныя матэрыялы пасля акцыі, пачалі з’яўляцца абуральныя каментары – што мы дрэнна зарганізавалі. Таму ў гэтым годзе наш клуб вырашыў не выступаць арганізатарам, – тлумачыць арганізатар сайта autogrodno.by.

 

Па словах старшыні аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання «За аўто» Арцёма Шаркова, рэспубліканская акцыя “Стоп бензін-2” завяршыцца перадачай зварота кіроўцаў кіраўніку дзяржавы. 11 сакавіка, пасля першага павышэння кошту бензіну, кіроўцы перадалі зварот са сваімі патрабаваннямі ў «Белнафтахім», Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў.

 

Да 11 красавіка ініцыятары зварота чакаюць афіцыйны адказ, а праз тры дні выедуць на акцыю пратэсту.