Беларускі Канстытуцыйны суд супраць “Карты паляка”

|

На думку суда, асобныя нормы польскага закона супярэчаць прынцыпам суверэннай роўнасці дзяржаў і неўмяшання ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы; палажэнням Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах і Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і  Рэспублікай Польшча; палажэнням Пагаднення паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб узаемных паездках грамадзян.

Свае высновы Канстытуцыйны суд накіруе ў Палату прадстаўнікоў, аднак пакуль не зразумела, якія наступствы гэта можа мець,  бо беларускі суд не мае права адмяніць прававы акт іншай дзяржавы.

 

На сёння “Карту паляка” маюць больш за 14500 беларускіх грамадзян з 400 тысяч этнічных палякаў, якія жывуць у Беларусі.

 

Уладальнік карты мае права на атрыманне доўгатэрміновай шматразовай польскай візы, працаваць у Польшчы без атрымання дазволу на працу, у першую чаргу прэтэндаваць на фінансавыя сродкі, якія выдзяляюцца для падтрымкі палякаў за мяжой з дзяржаўнага ці мясцовага бюджэтаў; карыстацца 37% зніжкай на праезд па чыгунцы.

 

Па словах супрацоўнікаў мытні, “Карта паляка” стварае нязручнасці  беларускім мытнікам, бо перашкаджае адсачыць колькасць выездаў за мяжу ўладальнікаў карты.

Беларуская мытня пакуль не мае агульнай базы дадзеных, таму, пры адсутнасці штампа аб перасячэнні мяжы, мытнікі могуць  праверыць колькасць замежных паездак грамадзяніна толькі праз адзін пункт пропуску.

 

Такім чынам, ва ўмовах дзеяння рэкамендацый аб колькасці тавараў, якія дазваляецца бяспошлінна ўвозіць  на тэрыторыю мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, “Карта паляка” дазваляе некаторым грамадзянам  увозіць тавар з Польшчы, пазбягаючы ўплаты пошліны.